«Пяць гадоў таму жорстка забілі Паўла Шарамета, а зламысьнікаў да гэтага часу не злавілі. Сёньня мы думкамі зь ім і яго сям’ёй і працягваем спадзявацца на поўнае расьсьледаваньне гэтага злачынства», — гаворыцца ў паведамленьні на старонцы амбасады Нямеччыны ў Twitter у аўторак.
Пасольства Францыі таксама выказала надзею на тое, што справа будзе раскрытая і вінаватыя пакараныя.
Амбасада ЗША ва Ўкраіне заклікала абараняць правы і свабоды журналістаў.
«Сёньня мы ўшаноўваем памяць журналіста Паўла Шарамета, забітага пяць гадоў таму ў Кіеве. Мы ўсе павінны абараняць правы і свабоды журналістаў, а таксама працягваць забясьпечваць справядлівасьць для семʼяў і блізкіх тых, каго мы страцілі», — адзначыла пасольства ў Twitter.
- Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
- Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх трох падазраваных затрымалі:
Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.
Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.
Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).
- Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства. Ад верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд.