За выходныя на літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 73 мігранты зь Беларусі

Літоўскія вайскоўцы ўзводзяць агароджу на мяжы зь Беларусьсю.

Усяго з пачатку году на мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 2096 нелегальных мігрантаў.

Гэта ў 26 разоў перавышае паказчык 2020 году, паведамляе памежная служба Літвы.

Толькі за ліпень на літоўскай мяжы затрымалі 1435 мігрантаў. У чэрвені — 473, у траўні — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8.

Сярод іншаземцаў, затрыманых у выходныя, больш за ўсё грамадзян Іраку. Усяго з пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 1098 асобаў з гэтай краіны. Акрамя таго, затрымалі 179 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 78 — Гвінэі, 74 — Ірану ды іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 57 нелегальных мігрантаў зь Беларусі, на польскай — 46


9 ліпеня Літва пачала мантаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 56 мігрантаў зь Беларусі затрымалі ў Літве. Вільня прапанавала Эўразьвязу тры варыянты санкцый супраць Лукашэнкі

Паводле кіраўніка літоўскага замежнапалітычнага ведамства Габрыелюса Ландсбергіса, цяпер Эўразьвяз разглядае магчымасьць скасаваньня шэнгенскага візавага рэжыму для Іраку, аднак гэта не зьвязана зь цяперашнім крызісам, рашэньне «даўно насьпявала».

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя беларускія ўлады. На гэта ў Менску і не пярэчаць, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў зьвязку з заходнімі санкцыямі.
16 ліпеня міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, выступаючы на онлайн-дыскусіі, арганізаванай Атлянтычнай радай, заклікаў Эўразьвяз і ЗША ўзмацніць ціск на «незаконны рэжым» у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі бок зарабляе на гэтым». Андрэй Шарэнда расказаў, як уцякаў зь Беларусі і што пабачыў на мяжы зь Літвой