«Беларускі бок зарабляе на гэтым». Андрэй Шарэнда расказаў, як уцякаў зь Беларусі і што пабачыў на мяжы зь Літвой

Андрэй Шарэнда. Архіўнае фота

Берасьцейскаму актывісту Андрэю Шарэнду ў Беларусі пагражала да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК). 4 чэрвеня ягоную жонку, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на 2 гады.

Суд над Андрэем Шарэндам распачаўся 28 чэрвеня, але ён на працэс не зьявіўся, хоць быў пад хатнім арыштам. 2 ліпеня стала вядома, што актывіст уцёк зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда, якога абвясьцілі ў вышук, пакінуў Беларусь

«Я вырашыў не станавіцца чарговым закладнікам рэжыму і дзейнічаць далей на карысьць Беларусі. Зьвязаўся зь сябрамі, якія параілі перайсьці мяжу зь Літвой. Я пасяліўся ў адным з памежных гарадоў. Мы дамовіліся з Вольгай Паўлавай [актывістка „Страны для жизни“ — РС.] перайсьці мяжу разам. Ніякага плота там няма, але ёсьць паняцьце памежнай зоны і на ўсіх дарогах стаяць кантрольна-прапускныя пункты, дзе дзяжураць памежнікі, ва ўсіх вёсках ёсьць інфарматары памежнікаў і спэцслужбаў», — расказаў Андрэй Шарэнда на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, прысьвечанай палітычным і эканамічным мігрантам зь Беларусі і іншых краін.

Андрэй Шарэнда кажа, што, па ягоных зьвестках, за кожнага злоўленага чалавека, які спрабуе нелегальна перасекчы мяжу, пагранічнікі атрымлівалі прэмію. Таму ён выказаў думку, што цяпер гэтая міграцыя арганізаваная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, якую асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі», выехала ў Літву

«Нас падвезьлі да бліжэйшага ад мяжы пункту, дзе няма КПП. І мы проста ноччу празь лес практычна дайшлі да месца, дзе думалі пераходзіць. Літаральна за 300 мэтраў ад месца пераходу ўбачылі разьбіты лягер. Там быў нацягнуты вайсковы тэнт, памежнікі, — расказвае Андрэй Шарэнда. — Мы вырашылі не рызыкаваць і па кароткай дарозе пабеглі да мяжы. Спачатку трапілі ў балота, але ўсё ж апынуліся на тэрыторыі Літвы і пачалі шукаць памежнікаў, каб да іх зьвярнуцца па палітычны прытулак».

Андрэя і Вольгу разьмясьцілі на адной з памежных застаў.

«Аказалася, што проста за намі прайшла група мігрантаў у тым жа месцы, дзе і мы. Можна зрабіць выснову, што той лягер быў разьбіты менавіта для іх. Калі я яшчэ хаваўся на кансьпіратыўнай кватэры ў горадзе недалёка ад мяжы, мясцовыя жыхары расказвалі, як гэта адбываецца: яны неаднаразова бачылі бусы, якія праходзяць памежныя пункты і пад’яжджаюць да памежнай зоны, куды простыя людзі, па сутнасьці, ня маюць доступу. Відавочна, што гэта робіцца арганізавана і за грошы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк засудзілі на 2 гады калёніі. Яе прызналі палітзьняволенай

За чатыры дні Андрэй і Вольга сутыкнуліся зь некалькімі групамі мігрантаў. Тыя расказвалі, што заплацілі за свой «перакід» празь мяжу.

«Ясна, што гэтым займаецца беларускі бок, які зарабляе на гэтым. І, самае цікавае, нават не прыдумаў ім нармальнай легенды, па якой гэтыя мігранты могуць папрасіць палітычнага прытулку. Калі міграцыйныя службы пыталіся ў іх, як яны трапілі ў Беларусь, некаторыя кажуць, што былі студэнтамі Горадзенскага ўнівэрсытэту, хоць слова сказаць ня могуць па-беларуску. Некаторыя апавядаюць, што прыплылі ў Менск на лодцы зь Лібану», — расказвае Андрэй Шарэнда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз абвясьціў аб тэрміновым умяшаньні ў сытуацыю зь мігрантамі зь Беларусі

Ён зьвяртае ўвагу, што многія зь мігрантаў нават не разумеюць, дзе яны. Ім абяцалі, што «перакінуць» у Эўразьвяз, але куды канкрэтна, не паведамілі.

«Мы бачылі людзей зь немаўлятамі на руках, а памежная застава — гэта ня месца для дзяцей. Хоць самі памежнікі вельмі добра да ўсіх ставяцца, але яны проста не спраўляюцца. Людзі, якія незаконна перасякаюць мяжу, — проста разьменная карта. Гэта калясальная трагедыя для тых, хто трапіў у такую сытуацыю», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі Андрэй Шарэнда.