Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці актывіст Шарэнда не прыйшоў на свой суд, яго абвясьцілі ў вышук


Паліна і Андрэй Шарэнды. Архіўнае фота

28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся суд над берасьцейскім актывістам Андрэем Шарэндам. Сам ён на працэс не прыйшоў. У Паліны і Андрэя Шарэндаў на выхаваньні двое непаўналетніх сыноў, 12 і 5 гадоў. Раней Паліну асудзілі на 2 гады зьняволеньня, Андрэю далі хатні арышт.

Андрэя абвінавачваюць у паклёпе на прэзыдэнта (артыкул 367 КК). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Справу разглядае судзьдзя Вера Філонік.

Сам Шарэнда на працэс не прыйшоў. Ён пад хатнім арыштам. Пракурор прапанаваў зьмяніць Шарэнду меру стрыманьня на арышт і абвясьціць яго ў вышук.

Судзьдзя пагадзілася з пракурорам і пастанавіла зьмяніць Шарэнду меру стрыманьня на ўзяцьце пад варту і абвясьціць яго ў вышук, а пасьля затрыманьня зьмясьціць у берасьцейскае СІЗА.

Як перасьледуюць сям'ю берасьцейскіх актывістаў

Ад пачатку выбарчай кампаніі Андрэй Шарэнда правёў за кратамі звыш 70 дзён.

17 красавіка да Андрэя Шарэнды прыйшлі зь ператрусам, забралі ўсю тэхніку. У той жа дзень распачалі на яго крымінальную справу паводле артыкула 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

У сярэдзіне траўня ў інтэрвію Свабодзе Андрэй расказаў, што пасьля праверкі (паводле Генпракуратуры, прадметам праверкі стала інтэрвію ад 29 сакавіка 2021 году, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды зьмяшчаюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь») артыкул замянілі на 368 КК (абраза прэзыдэнта).

31 траўня Андрэя Шарэнду зноў затрымалі і дапыталі. У той жа дзень увечары яго зьмясьцілі пад хатні арышт. Андрэю забаронена карыстацца тэлефонам, у тым ліку мэсэнджарамі.

10 чэрвеня пракуратура Берасьця паведаміла, што крымінальную справу на Андрэя Шарэнду аб абразе Лукашэнкі накіравалі ў суд.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў актывіста палітзьняволеным.

Перасьледуюць і жонку Андрэя, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк. 9 чэрвеня судзьдзя Яўген Брэган прызнаў яе вінаватай у гвалце ў дачыненьні да міліцыянта і абразе Лукашэнкі ды іншых службовых асобаў. Брэган пакараў актывістку 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром сілавікам.

Паліну затрымалі 3 студзеня. Праз 3 дні яе зьмясьцілі ў Берасьцейскае СІЗА.

23 лютага Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі каля Менску. 4 траўня ёй выставілі абвінавачаньне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў.

Паліну Шарэнду тры разы за паўтара месяца зьмяшчалі ў карцар.

Праз адваката яна перадала, што ў СІЗА на яе чынілі псыхалягічны і фізычны ціск. У лютым яна паведаміла ў лісьце пра катаваньні. Андрэй Шарэнда казаў, што яе паставілі пад «прэвэнтыўны нагляд» і нейкі час не давалі лекаў і вітамінаў.
На працягу доўгага часу праваабаронцы не прызнавалі яе палітзьняволенай. Гэты статус актывістцы прысвоілі ў дзень прысуду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG