Крэмль: Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе застанецца ранейшай
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 13 ліпеня 2021 году
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў аўторак дамовіліся аб крэдытнай падтрымцы Беларусі ў сувязі з падатковым манэўрам у РФ.
Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў па выніках перамоваў, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.
«Дамовіліся пра абʼёмы крэдытнай падтрымкі ў сувязі з падатковым манэўрам у Расеі», — сказаў Пяскоў.
Таксама ён паведаміў, што Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра захаваньне цэны на расейскі газ у 2022 годзе на ўзроўні бягучага году. Апрача таго, былі ўзгодненыя захады супрацоўніцтва ў канкрэтных галінах, у прыватнасьці ў энэргетыцы.
Пяскоў адзначыў, што ў Пуціна і Лукашэнкі была «грунтоўная і працяглая па часе размова». Сустрэча працягвалася больш за пяць гадзін.