Гомельскага журналіста пакаралі штрафам за здымкі перад пачаткам працэсу над палітвязьнямі

Андрэй Толчын, архіўнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну Гомля асудзілі журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына.

Як піша гомельская «Вясна», яго затрымалі 24 чэрвеня пасьля здымкаў каля СІЗА № 3 перад працэсам над палітвязьнямі Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам.

Журналіста даставілі ў РАУС, дзе пратрымалі 7 гадзін ды склалі пратакол паводле 23.5 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскага журналіста Андрэя Толчына затрымалі пасьля здымак каля СІЗА, дзе судзяць 6 палітвязьняў

Андрэй Толчын заявіў, што быў на вуліцы Кніжнай, запісаў жонку Мікалая Статкевіча і амбасадараў. Пасьля гэтага пад’ехаў бус, журналіста затрымалі, пры гэтым міліцыянты брудна лаяліся і пашкодзілі яму нагу.

«Міліцыянты сказалі, што маюць загад. У мяне быў бэйджык, дзе напісана, што я фрылансэр і паводле Канстытуцыі маю права зьбіраць інфармацыю. Віну не прызнаю, бо ня вырабіў прадукт СМІ», — заявіў у судзе Андрэй Толчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За сюжэты на «Белсаце» гомельскім журналістам выпісалі штрафаў больш як на 5 тысяч рублёў

Аднак судзьдзя Сяргей Салоўскі палічыў ягоную віну даказанай і пакараў штрафам у памеры 870 рублёў. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у Андрэя Толчына ўсю тэхніку — штатыў, камэру, карткі памяці ды мікрафон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё за завесай таямніцы». Сваякі Ігара Лосіка і Арцёма Сакава пра судовы працэс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ачэпленым СІЗА ў Гомлі пачаўся закрыты суд над блогерамі і палітыкамі. Статкевіч выгукнуў «Жыве Беларусь!»