Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага журналіста Андрэя Толчына затрымалі пасьля здымак каля СІЗА, дзе судзяць 6 палітвязьняў

абноўлена

Журналіст Андрэй Толчын, архіўнае фота
Журналіст Андрэй Толчын, архіўнае фота

Журналіст-фрылансэр Андрэй Толчын, які раніцай здымаў пад СІЗА сюжэт пра пачатак суду над палітвязьнямі, пасьля 11-й гадзіны перастаў выходзіць на сувязь.

Раніцай ён быў каля СІЗА-3, дзе пачалі судзіць у закрытым рэжыме Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Уладзімера Цыгановіча і Дзьмітрыя Папова.

«Зранку зь ім зьнікла сувязь. На працягу дня я тэлефаную ва ўсе РАУС, але нідзе мне не даюць інфармацыі. Ён мусіў сустрэцца сёньня са знаёмым, але і той не здымае слухаўку»,— паведаміла Свабодзе жонка журналіста, Кацярына Толчына. Дзе ён цяпер — ёй невядома, яна дапускае, што мужа затрымалі.

Каля СІЗА зранку было ачапленьне АМАП і шмат супрацоўнікаў у цывільным, якія хадзілі па ўсёй вуліцы Кніжнай, забаранялі падыходзіць да будынку ізалятару.

Пад вечар стала вядома, што Толчына затрымалі, трымалі прыкладна да 18-й гадзіны ў Цэнтральным РАУС Гомля, склалі пратакол за «незаконны выраб прадукцыі СМІ», забралі тэхніку і адпусьцілі.

Таксама сёньня раніцай міліцыянты прыяжджалі да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай і хацелі прымусова завезьці яе ў суд (яе абвінавачваюць у супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі), хоць позву ў суд фрылансэрка атрымала толькі ўчора ўвечары.

Ларыса Шчыракова зьвязвае такую міліцэйскую актыўнасьць з пачаткам суду па «справе Ціханоўскага». Журналістка ехаць адмовілася і паабяцала не хадзіць да гомельскага СІЗА, дзе сёньня судзяць палітзьняволеных Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Папова і Арцёма Сакава.

Суд пачаўся па «справе Ціханоўскага» 24 чэрвеня ў ачэпленым СІЗА ў Гомлі а 10-й гадзіне ў закрытым рэжыме. Кніжную вуліцу, дзе знаходзіцца СІЗА, напярэдадні вечарам вызвалілі ад аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ сказалі аўтамабілістам паркавацца ў іншым месцы, бо тут будуць «весьціся рамонтныя работы». Зранку вакол СІЗА выставілі ачапленьне. Апроч унутраных войскаў, тут зьявіўся мікрааўтобус з АМАПі людзі ў цывільным. Усе пад’езды да СІЗА, акрамя аднаго, перакрылі. Той адзіны кантралююць людзі ў цывільным. Каля самога СІЗА шмат міліцыі.

Родным абвінавачаных забараняюць здымаць каля будынку СІЗА. Ва ўсіх, хто праходзіць побач з ізалятарам, правяраюць торбы. Побач зь СІЗА перад пачаткам працэсу затрымалі сябра Мікалая Статкевіча Аляксея Кірэева, яго павезьлі ў РАУС Чыгуначнага раёну Гомля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG