Кінарэжысэра Аляксея Туровіча асудзілі на 6,5 года і перавялі ў калёнію для рэцыдывістаў

Аляксей Туровіч, архіўнае фота

62-гадовага Аляксея Туровіча перавялі ў калёнію № 14 у Навасадах пад Барысавам, якая лічыцца месцам зьняволеньня рэцыдывістаў.

Падрабязнасьці справы «Нашай Ніве» расказаў адвакат Аляксандар Філановіч.

«Гісторыя дзіўная. Аляксея Туровіча абвінавацілі ў спробе махлярства ў асабліва буйным памеры і ў захоўваньні зброі. Ён досыць забясьпечаны чалавек, у свой час быў прадпрымальнікам, меў нерухомасьць, якую пэрыядычна прадаваў. Меў кватэру, машыну, дом, кватэру ў Пецярбургу. Часам пазычаў грошы пад працэнты. І ў гэтай сытуацыі ён пазычыў чалавеку грошы: 82 тысячы эўра ў растэрміноўку на 10–11 гадоў. Паводле дамовы, якую засьведчылі натарыяльна», — расказаў адвакат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэр Туровіч перадаў узнагароды за фільм «Жоўты пясочак» удаве Васіля Быкава. ФОТА

Аднак партнэр так і не пачаў сплачваць пазыку, а празь некалькі месяцаў сам падаў у суд, каб прызнаць дамову безграшовай — даказаць, што сродкаў яму ніхто не перадаваў. Абарона Аляксея Туровіча прад’явіла сустрэчны пазоў, каб выпатрабаваць усё назад.

Сам Аляксей Туровіч у размове са Свабодай у кастрычніку 2019 году расказваў, што на этапе агучваньня мастацкага фільму паводле свайго сцэнару пра Першую сусьветную вайну «Смаргоні. Вайна сумленьня» зьвярнуўся ў прадусарскі цэнтар Platinum. Неўзабаве яго дырэктар Аляксандар Аляксандраў прапанаваў стаць кампаньёнам: укласьціся грашыма і далей весьці справу разам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паказваў пісталет, пагражаў пасадзіць». Рэжысэр Туровіч пра паход у міліцыю

«Я загарэўся, што будзе свая студыя, ня трэба ад некага залежаць. Ён мае добрае абсталяваньне, я люблю кіно, усё нібыта сыходзіцца. Даў грошы, натарыяльна аформілі тэрміны іх вяртаньня. Плюс Аляксандраў пераканаў, што з улікам сувязяў і магчымасьцяў правы на новы фільм варта аформіць на яго, пра што і была падпісаная дамова», — казаў тады кінарэжысэр.

Аляксандар Аляксандраў, у сваю чаргу, патлумачыў затрымку тым, што Аляксей Туровіч «хранічна ня плаціць за аказаныя паслугі». У выніку прадусар зьвярнуўся ў праваахоўныя органы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэра Аляксея Туровіча арыштавалі на 10 сутак за абарону Курапатаў

Аляксей Туровіч, са свайго боку, наяўнасьць запазычанасьці аспрэчваў: маўляў, партнэр паклаў вока «і на ягоныя грошы, і на нерухомасьць». Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць пагрозы кампаньёна «далучыць да справы людзей Віктара Лукашэнкі».

Тым часам на Аляксея Туровіча завялі крымінальную справу аб спробе махлярства ў асабліва буйным памеры. Падчас ператрусу ў яго знайшлі траўматычны пісталет, які яшчэ ў 1990-я падарылі сябры. Экспэрт прызнаў гэта «зброяй траўматычнага ўзьдзеяньня, якая не зьяўляецца агнястрэльнай». Пасьля было дадатковае заключэньне экспэртызы, у выніку суд прызнаў пісталет агнястрэльнай зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Смаргоняў здымаюць батальныя сцэны мастацкага фільма пра Першую ўсясьветную вайну. ФОТА

Пакуль цягам 2019–2020 гадоў ішла справа, фігурант быў пад падпіскай аб нявыезьдзе. А сёлета яго асудзілі на 6,5 года і ўзялі пад варту пасьля агалошваньня вэрдыкту.

Аляксей Туровіч не прызнаў віну па ніводным з артыкулаў. Складу злачынства ў яго дзеяньнях ня бачыць і Аляксандар Філановіч. На прысуд магло паўплываць і тое, што раней ён ужо быў асуджаны.

«Аляксей Туровіч меў непагашаную судзімасьць, і цяперашнія дзеяньні расцэньваюцца як небясьпечны рэцыдыў. Адпаведна, суд мусіць прызначыць пакараньне, ня меншае за палову ад максымальнага. Па зброі максымальна было 7 гадоў, далі 3,5; па махлярстве максымальнае 10 гадоў, далі 5. Шляхам частковага складаньня канчаткова прызначылі 6,5 года», — тлумачыць адвакат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм паводле Быкава пра расстрэлы ў Курапатах атрымаў прыз на фэстывалі ў Расеі

Напярэдадні ён наведваў падабароннага ў калёніі. Кажа, што ёсьць пэўныя праблемы.

У 2009 годзе Аляксея Туровіча асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, зьвязаных з сэксуальным гвалтам у дачыненьні да хлопчыкаў, якім не было 16 гадоў. Ён не прызнаў віну, пераконваў, што справа была сфабрыкаваная, але атрымаў 6 гадоў калёніі, зь якіх адседзеў 4. А да людзей з такімі артыкуламі стаўленьне ў месцах пазбаўленьня волі неадназначнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Туровіч працягвае судзіцца за пазыкі зь сябрам праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі

Аляксей Туровіч нарадзіўся ў Глыбокім на Віцебшчыне, выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Смаргонях. Скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». У якасьці рэжысэра зьняў фільмы «Турма для кума», «Сынок», «Яблык месяца» ды іншыя. Ягоны «Жоўты пясочак» паводле апавяданьня Васіля Быкава, фактычна забаронены ў Беларусі, на YouTube паглядзелі больш за 9 мільёнаў 200 тысяч разоў.

Апошняя праца засталася незавершанай — фільм, прысьвечаны пазыцыйнаму супрацьстаяньню ў Смаргонях падчас Першай сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На агучваньне кінастужкі пра Першую ўсясьветную вайну бракуе сродкаў 

У апошнія гады ўдзельнічаў у палітычных акцыях супраць дзейнасьці рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах, будаўніцтва АЭС у Астраўцы ды іншых. Адбываў адміністрацыйныя арышты.