Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паказваў пісталет, пагражаў пасадзіць». Рэжысэр Туровіч пра паход у міліцыю


Аляксей Туровіч на здымках фільма аб Першай сусьветнай вайне
Аляксей Туровіч на здымках фільма аб Першай сусьветнай вайне

Кінарэжысэр Аляксей Туровіч накіраваў скаргі генэральнаму пракурору і міністру ўнутраных спраў з просьбай распачаць крымінальную справу за злоўжываньне ўладай на супрацоўнікаў Партызанскага РУУС Менску.

Паводле Туровіча, апэратыўнікі ў цывільным абражалі яго, мацюкаліся, абяцалі пасадзіць у турму ці здаць у псыхушку.

Творчы разлад

Выклік у міліцыю мае перадгісторыю. На пачатку году Аляксей Туровіч завяршыў працу над мастацкім фільмам «Смаргоні. Вайна сумленьня», дзе ўпершыню ў беларускім мастацкім кінэматографе адлюстраваныя падзеі Першай сусьветнай вайны. Здымкі, арэнда амуніцыі і зброі ажыцьцяўляліся на асабістыя сродкі рэжысэра, дзяржава дапамагаць зь фінансаваньнем адмовілася. Раней гэткім жа чынам ён зьняў кінастужку «Жоўты пясочак» на аднайменнае апавяданьне Васіля Быкава.

На этапе агучваньня Аляксей Туровіч зьвярнуўся ў прадусарскі цэнтар Platinum. Неўзабаве яго дырэктар Аляксандар Аляксандраў прапанаваў стаць кампаньёнам: укласьціся грашыма і далей весьці справу разам.

«Я загарэўся, што будзе свая студыя, ня трэба ад кагосьці залежаць, — тлумачыць суразмоўца. — Ён мае добрае абсталяваньне, я люблю кіно, усё нібыта сыходзіцца. Даў грошы, натарыяльна аформілі тэрміны іх вяртаньня. Плюс Аляксандраў пераканаў, што з улікам сувязяў і магчымасьцяў правы на новы фільм варта аформіць на яго, пра што і была падпісаная дамова. І хоць здаць стужку ён мусіў яшчэ тры месяцы таму, яе няма дагэтуль!»

Сам Аляксандар Аляксандраў тлумачыць Свабодзе затрымку тым, што Аляксей Туровіч «хранічна ня плаціць за аказаныя паслугі». Маўляў, абяцаў нават прадаць кватэру, але потым адмовіўся. У выніку прадусар зьвярнуўся ў праваахоўныя органы.

Дамова аб выключным праве на кінастужку
Дамова аб выключным праве на кінастужку

Аляксей Туровіч, са свайго боку, наяўнасьць запазычанасьці аспрэчвае і кажа, што напарнік паклаў вока «і на ягоныя грошы, і на нерухомасьць». Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць пагрозы кампаньёна «далучыць да справы людзей Віктара Лукашэнкі» (старэйшы сын кіраўніка краіны і ягоны дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. — РС).

Міліцэйскі жаргон

Аляксей Туровіч пасьля заявы Аляксандра Аляксандрава быў выкліканы ў Партызанскі РУУС Менску, хоць сам прыпісаны ў Першамайскім раёне сталіцы.

Зь ім гутарыў супрацоўнік у цывільным Аляксандар Шлег. Прадставіўся капітанам, опэрупаўнаважаным крымінальнай міліцыі. Яго цікавіла, адкуль у рэжысэра грошы і нерухомасьць. Туровіч расказаў, што працяглы час займаўся бізнэсам. А калі засяродзіўся на творчасьці, сваю долю прадаў, заплаціў падаткі, на што ёсьць адпаведныя дакумэнты.

Міліцыянт укіпеў. Дэманстратыўна зьняў пінжак, адкрыўшы воку кабуру з табэльным пісталетам. Крычаў, абяцаў упячы ў турму, калі рэжысэр пачне хітраваць, расказвае Туровіч.

«Канструктыўнай размовы не атрымлівалася, я папрасіў іншага апэратыўніка, — працягвае ён. — Той выйшаў у калідор, некага паклікаў. Прылятае зусім малады хлапец, таксама ў цывільным. Адразу схапіў мяне і пачаў штурхаць, суцэльныя мацюкі. Нават Шлег умяшаўся, недалёка было да мардабою... Ніводнага чалавека ў форме, нейкія браткі з 1990-х. Абзывалі быдлам, пагражалі псыхушкай. Што гэта за міліцыя? Адчуваньне поўнай беспакаранасьці: што хочуць, тое і робяць».

Спробы дамагчыся, каб чалавек у цывільным назваўся, плёну ня мелі. На гэтай падставе Аляксей Туровіч напісаў запыт у службу бясьпекі МУС, каб ідэнтыфікавалі супрацоўніка, які абсалютна беспадстаўна распусьціў рукі, а яшчэ чамусьці «размаўляе на мове блатных».

Аляксей Туровіч на здымках пад Смаргонямі
Аляксей Туровіч на здымках пад Смаргонямі

Свабодзе ўдалося зьвязацца з опэрупаўнаважаным Партызанскага РУУС Менска Аляксандрам Шлегам, але той катэгарычна адмовіўся камэнтаваць канфліктную сытуацыю.

Тым часам Аляксей Туровіч напісаў скаргі на імя міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і генэральнага пракурора Аляксандра Канюка з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў на падставе рэальных фактаў злоўжываньня ўладай.

Раней генэрал Караеў у гутарцы з «Нашай нівай» наракаў: міліцыя ў Беларусі збольшага «рабоча-сялянская», а таму ў стасунках зь людзьмі не заўсёды ўсё будзе ідэальным. Але трэба зыходзіць з таго, што грамадзяне паклёпнічаць ня стануць, адзначыў кіраўнік сілавога ведамства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG