Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Туровіч абскардзіў арышт і 10 пратаколаў за Курапаты. Атрымаў адказы. ФОТА


Адказы Аляксею Туровічу
Адказы Аляксею Туровічу

Ад 30 траўня, з пачатку вахты супраць дзейнасьці ля Курапатаў рэстарацыі «Поедем поедим», на пікетоўцаў складзена звыш 100 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэньнях. Шэcьць актывістаў былі арыштаваныя. Адзін зь іх абскардзіў вырак — рэжысэр Аляксей Туровіч.

Абаронцы Курапатаў: «Штрафаў ня плацім, часта стаім галодныя»

Аляксей Туровіч — аўтар экранізацыі мастацкага фільму пра расстрэлы ў Курапатах «Жоўты пясочак» (паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава). Усяго на яго было складзена больш за дзесяць пратаколаў за «знаходжаньне на праезнай частцы», яго прымусам дастаўлялі ў аддзяленьні міліцыі для дачы паказаньняў, ён быў асуджаны на 10 сутак арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Аляксей Туровіч лічыць перасьлед беспадстаўным і аспрэчвае вырак і пратаколы ў розных інстанцыях МУС і пракуратуры. Пра тое, якія адказы яму прыйшлі, актывіст расказаў Свабодзе.

Унівэрсальная адпіска — «можаце абскарджваць далей»

Адказ зь Менскага РУУС на скаргу аб прымусовым прыводзе ў Бараўлянскі аддзел міліцыі (04.07.2018)

«Бараўлянскім аддзелам міліцыі Менскага РУУС праведзена праверка. Выяўлена, што супрацьпраўных дзеяньняў да вас з боку супрацоўнікаў не ўчынялася. Вы маеце права абскардзіць прынятае рашэньне ў вышэйшы орган — УУС Менаблвыканкаму».

Адказ зь Менскага РУУС на рэагаваньне пракуратуры Менскага раёна (09.07.2018)

«Ваш зварот, які паступіў у Бараўлянскі аддзел міліцыі з пракуратуры Менскага раёну, пакінуты без разгляду па сутнасьці. На падставе прыведзеных фактаў ажыцьцяўлялася праверка, па яе выніках вынесена заключэньне аб яе заканчэньні. Супрацьпраўных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі не ўчынялася. Вы маеце права абскардзіць прынятае рашэньне ў вышэйшы орган — УУС Менаблвыканкаму».

Адказ з пракуратуры Менскай вобласьці на абскарджаньне адміністрацыйнага арышту (12.07.2018)

«Згодна з патрабаваньнямі Падатковага кодэксу, за падачу скаргаў у органы пракуратуры на пастановы аб адміністрацыйных правапарушэньнях сплачваецца дзяржпошліна. За адміністрацыйны арышт яе памер складае 1 базавую велічыню. Скаргі, не аплачаныя дзяпжпошлінай, разгляду не падлягаюць. У выпадку нязгоды з пастановай, вынесенай судом Менскага раёну, вы можаце зьвярнуцца ў пракуратуру Менскай вобласьці з адпаведнай скаргай, прыклаўшы дакумэнты, якія пацьвярджаюць аплату дзяржпошліны».

Аляксей Туровіч (зьлева перад машынай) і іншыя пратэстоўцы не прапускаюць машыны ў рэстарацыю «Поедем поедим»
Аляксей Туровіч (зьлева перад машынай) і іншыя пратэстоўцы не прапускаюць машыны ў рэстарацыю «Поедем поедим»

Адказ з галоўнага ўпраўленьня ўласнай бясьпекі па Менскай вобласьці МУС Беларусі (17.07.2018)

«Восьмым упраўленьнем ГУУБ МУС Беларусі ваш зварот пакінуты без разгляду, паколькі ў ім зьмяшчаюцца пытаньні, рашэньне якіх не адносіцца да ведамаснай кампэтэнцыі. Паведамленьні пра злачынствы, учыненымі службовымі асобамі ў сувязі зь іх службовай ці прафэсійнай дзейнасьцю, адносіцца да кампэтэнцыі органаў папярэдняга сьледзтва. У выпадку нязгоды рашэньне можа быць абскарджанае ў судзе».

Адказ з ГУУС Менскага гарвыканкаму на запыт са Сьледчага камітэту (18.07.2018)

«Для арганізацыі разгляду накіроўваецца зварот Туровіча Аляксея Валянцінавіча, які паступіў у цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь, наконт пытаньняў, зьвязаных з правядзеньнем праверкі Першамайскім РУУС Менску. Пра вынікі разгляду паведаміць заяўніку».

Адказ зь міліцыі Першамайскага раёну Менску на запыт Менскага РУУС (18.07.2018)

«УУС адміністрацыі Першамайскага раёну Менску накіроўвае на ваш адрас матэрыял праверкі (на 19 лістах) на падставе звароту Туровіча А.В. для разгляду і прыняцьця рашэньня па тэрытарыяльнасьці».

Адказ з Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь для рэагаваньня пракуратурай Менскай вобласьці (20.07.2018)

«Ваш зварот на дзеяньні супрацоўнікаў Менскага РУУС і Першамайскага РУУС Менску накіраваны адпаведна ва УУС Менаблвыканкаму і пракуратуру Менску, адкуль вам паведамяць аб прынятых рашэньнях».

Адказы на шэраг скаргаў яшчэ не прыйшлі. Аднак Аляксей Туровіч не сумняваецца, што далей за агульныя словы справа ня зрушыцца.

Гарачыня і смурод у камэры

Апроч абскарджаньня законнасьці выпісаных пратаколаў і рашэньня суду аб адміністрацыйным арышце, Туровіч напісаў скаргу на ўмовы, у якіх адбываў пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня УУС Менскага раёну.

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Паводле Туровіча, у ізалятары 14 камэраў адначасова могуць прыняць 66 чалавек, яны практычна заўсёды запоўненыя.

«Для ХХІ стагодзьдзя — форменны зьдзек з чалавечай годнасьці, — канстатуе Туровіч. – На кожнага асуджанага ня болей за квадратны мэтар — жах для тых, хто пакутуе на кляўстрафобію. Яшчэ мэтры два забірае прыбіральня: натуральна, нічым не адгароджаная, усё адбываецца на віду ў іншых. Проста на ўнітаз накіраваная адна з камэр сачэньня, сам бачыў, што выява выводзіцца на манітор ахоўніка. Гарачыня, сырасьць, смурод – сталыя спадарожнікі арыштантаў».

Як расказвае Туровіч, гарачай вады ў ізалятары няма, алюмініевыя міскі і лыжкі пасьля прыёму ежы халодным струменем мыюць міліцыянты. Хоць, згодна з нарматывамі, посуд мусіць быць аднаразовы, бо некаторыя арыштанты хварэюць на сухоты.

«Матрацы, прасьціны нейкага шэра-бурага колеру, сьмярдзяць мачой, — працягвае Аляксей Туровіч. – Так званая «пражарачная шафа» для дэзынфэкцыі бялізны адсутнічае. Адзін Бог ведае, якую заразу можна падчапіць. Душ не працуе, прынамсі такой паслугі нават не прапануюць. Уся сантэхніка ржавая. Затое хапае імпэту штораніцы і штовечар рабіць “шмоны”, гэта ў іх такая забава. Мала таго, што ўсё раскідаюць па падлозе, дык яшчэ драўляным малаточкам прастукваюць сьцены – раптам зрабілі схованку?»

Баланда па рэстараннай цане

Паводле Аляксея Туровіча, пры выхадзе з ізалятару Менскага раёну ён атрымаў разьлік на аплату харчаваньня — 122 рублі за 10 дзён. Як кажа рэжысэр, за 12 рублёў можна пад’есьці нават у рэстарацыі, ацэньваць у такую суму турэмную баланду – гэта занадта.

Спадар Туровіч адмаўляецца плаціць гэтую суму і ўжо накіраваў наконт гэтага скаргу, чакае адказу.

Параўноўваем цэны на «суткі» з McDonalds і гостэламі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG