Высланы зь Менску амбасадар Шубель: Эўразьвяз падтрымлівае незалежнасьць Беларусі, але не аўтарытарнае кіраўніцтва

Дырк Шубэль

«Эўразьвяз і яго міжнародныя партнэры робяць усё, каб ўлады Беларусі спынілі свае рэпрэсіўныя захады, накіраваныя на прыгнечаньне дэмакратыі і правоў чалавека», — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубель.

У інтэрвію парталу Naviny.by ён падкрэсьліў, што Эўразьвяз падтрымлівае дэмакратычнае права народу Беларусі выбіраць свайго прэзыдэнта з дапамогай новых празрыстых, недыскрымінацыйных і сумленных выбараў пасьля інклюзыўнага нацыянальнага дыялёгу, вольнага ад вонкавага ўмяшаньня, але пры міжнародным пасярэдніцтве, калі такое неабходна, пад эгідай АБСЭ ці ААН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Эўразьвязу, высланы зь Менску, паабяцаў працаваць дзеля вольнай Беларусі і ў Брусэлі

«Мы робім усё магчымае, каб падтрымліваць народ Беларусі ў яго закліку да забесьпячэньня правасудзьдзя, вяршэнства права і дэмакратычнага праўленьня як перадумовы бясьпечнай, сувэрэннай і шчасьлівай будучыні краіны, — сказаў Дырк Шубель. — У рамках ААН і на іншых міжнародных пляцоўках Эўразьвяз падтрымлівае намаганьні ў зборы доказаў аб сур’ёзных і сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека. Мы працуем над тым, каб сытуацыя ў Беларусі заставалася на парадку дня Рады ў правах чалавека ААН. Адказныя за катаваньні павінны разумець, што іх злачынствы дакумэнтуюцца і што яны будуць несьці за іх адказнасьць».

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ад імя ўсіх дыпляматычных місій дзяржаў- чальцоў неаднаразова зьвярталася да ўладаў з просьбай аб забесьпячэньні доступу да палітвязьняў, каб праверыць шматлікія паведамленьні аб нялюдзкім абыходжаньні са зьняволенымі. Аднак у такім доступе было адмоўлена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадары краін Эўразьвязу сустрэліся ў Менску са сваякамі палітвязьняў і тых, хто загінуў падчас пратэстаў

Дыплямат упэўнены, што бясьпечная, сувэрэнная і пасьпяховая будучыня ня можа быць гарантаваная, пакуль улады парушаюць і ігнаруюць сваё ўласнае заканадаўства.

«Гэтага ня будзе да таго часу, пакуль грамадзяне Беларусі ня змогуць рэалізаваць сваё права на свабоду думкі, выказваньня і сходаў. Падмурак сувэрэнітэту — гэта згода (а не падпарадкаваньне), сацыяльная салідарнасьць і бясьпека, моцныя інстытуты і свабодная прэса. Эўразьвяз падтрымлівае незалежнасць і сувэрэнітэт Беларусі. Аднак гэта не азначае падтрымку аўтарытарных уладаў, якія перасьледуюць сваіх грамадзян. Мы заклікаем вызваліць усіх палітзьняволеных, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у фальсыфікацыях і гвалце і забясьпечыць захаваньне асноўных правоў і свабод беларусаў», — падсумаваў Дырк Шубель.

Днямі на патрабаваньне Міністэрства замежных спраў Беларусі дыплямат зьехаў зь Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутат Андрус Кубілюс: «Мы чакаем, што дыктатар Лукашэнка неўзабаве прыме апошняе слушнае рашэньне пакінуць Беларусь»