Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Андрус Кубілюс: «Мы чакаем, што дыктатар Лукашэнка неўзабаве прыме апошняе слушнае рашэньне пакінуць Беларусь»


Андрус Кубілюс
Андрус Кубілюс

Сустаршыня Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» Эўранэст, дэпутат Эўрапарлямэнту Андрус Кубілюс выступіў з заявай адносна выхаду афіцыйнага Менску з ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Кубілюс заяўляе, што Беларусь, а не Лукашэнка, зьяўляецца партнэрам ЭЗ ва «Ўсходнім партнэрстве». На думку эўрадэпутата, рашэньні, якія прымае Аляксандар Лукашэнка, нелігітымныя:

«Незаконны Лукашэнка сфальсыфікаваў выбары і стаў узурпатарам улады ў Беларусі, — піша Кубілюс. — Рэжым Лукашэнкі пастаянна і адчайна спрабуе ўтрымаць уладу, ужываючы рэпрэсіі супраць нявінных беларусаў і ўчыняючы тэрарыстычныя акты, распальваючы страх, выкарыстоўваючы масавую прапаганду і пагрозы. Рашэньні Лукашэнкі з пункту гледжаньня міжнароднага права несапраўдныя».

На думку сустаршыні Парлямэнцкай асамблеі Euronest, «нядаўнюю заяву рэжыму Лукашэнкі пра так званае прыпыненьне ўдзелу Беларусі ва „Ўсходнім партнэрстве“ азначае адзінае: дыктатар Лукашэнка можа сысьці з ініцыятывы „Ўсходняга партнэрства“, аднак ні ён, ні яго нелегітымны рэжым ня ў стане ліквідаваць Беларусь з палітыкі і праграм „Усходняга партнэрства“ ЭЗ».

Андрус Кубілюс заяўляе, што «рашэньні нелегітымнага рэжыму ня маюць прававых наступстваў. Для ЭЗ, яго дзяржаў-членаў і інстытутаў Беларусь застаецца партнэрам у ініцыятыве „Ўсходняга партнэрства“. І гэтаксама любыя далейшыя рашэньні Лукашэнкі або яго рэжыму ў дачыненьні да Беларусі будуць несапраўднымі. Рашэньні аб будучыні Беларусі знаходзяцца ў руках народу Беларусі. Толькі народ Беларусі пры дапамозе свабодных і дэмакратычных выбараў можа выбраць шлях сваёй краіны.

Мы чакаем, што дыктатар Лукашэнка неўзабаве прыме апошняе слушнае рашэньне пакінуць Беларусь. Міжнародная супольнасьць і Эўразьвяз у прыватнасьці падтрымліваюць народ Беларусі і гатовыя дапамагчы яму ў мірнай перадачы ўлады з дапамогай дэмакратычных і свабодных выбараў».

У сваёй заяве Андрус Кубілюс піша, што Эўрапарлямэнт таксама лічыць, што Беларусь застаецца ўдзельніцай ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», і гатовы пашыраць узаемадзеяньне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Таму, на думку Кубілюса, варта афіцыйна запрасіць лідэраў дэмакратычнай Беларусі прадстаўляць Беларусь на маючым адбыцца саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў Брусэлі ў сьнежні 2021 году.

«Нелегітымныя заявы узурпатара Лукашэнкі ніяк не паўплываюць на статус краіны. Беларусь застаецца ў ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства» — падсумоўвае сустаршыня Парлямэнцкай асамблеі Euronest, дэпутат Эўрапарлямэнту Андрус Кубілюс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG