Беларусь працягвае атрымліваць ад Эўразьвязу мільёны даляраў на рэалізацыю праектаў

Хойніцкі райвыканкам Гомельскай вобласьці. Хойніцкі раён адзін пацярпелых ад радыёактыўнага забруджваньня.

Якія праекты рэалізуюцца ў Беларусі на замежныя грошы ў чарнобыльскіх раёнах.

Выступаючы падчас чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі ў Брагіне, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь сам-насам змагалася з наступствамі катастрофы. Дапамогу, якая ішла з Захаду, ён назваў «мізэрнай».

Тым ня менш Беларусь да сёньня атрымлівае мільёны даляраў на рэалізацыю розных праектаў ад Эўразьвязу. Сродкі паступаюць і на «чарнобыльскія» праекты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшоў час заняцца разьвіцьцём гэтых тэрыторыяў». Што Лукашэнка хоча зрабіць у чарнобыльскай зоне

Што гэта за праекты?

З 2019 да 2022 году ў Беларусі пры падтрымцы ЭЗ рэалізуецца праект «Падтрымка эканамічнага разьвіцьця на мясцовым узроўні ў РБ».

  • Рэалізуе праект Праграма разьвіцьця ААН (ПРААН) у партнэрстве зь Міністэрствам эканомікі.
  • Агульны бюджэт праекту — 9,5 мільёна даляраў. Грошы дае ЭЗ.
  • Праграма рэалізуецца як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўні. Праект накіраваны на падтрымку працы Грамадзка-кансультатыўнай Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, зьмяненьне заканадаўства, стварэньне бізнэс-інкубатараў і іншае.
  • На мясцовым узроўні ў праекце ўдзельнічаюць 12 раёнаў Беларусі, у тым ліку «чарнобыльскія» — Брагінскі і Хойніцкі.
  • Праект падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на разьвіцьцё прадпрымальніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПРААН запускае новы мэханізм падтрымкі Беларусі ў барацьбе з COVID-19

На экалягічны праект барацьбы са зьмяненьнем клімату ў партнэрстве зь беларускім Мінпрыроды ЭЗ дае амаль 1,3 мільёна даляраў. Праект пачаў рэалізоўвацца ў ліпені 2020 году.

На экалягічны праект «Ветландс», накіраваны на ўдасканаленьне кіраваньня ляснымі і балотнымі экасыстэмамі, Глябальны экалягічны фонд і ПРААН выдзяляюць да 2022 году 4,3 мільёна даляраў. Выканаўца праекту — тое ж самае Міністэрства прыродных рэсурсаў.

А што ў «чарнобыльскіх» раёнах?

Напрыклад, у Хойніцкім раёне на грошы ЭЗ нядаўна пачала працаваць ініцыятыва «Ягадны край».

Яна перамагла ў конкурсе на атрыманьне фінансавай падтрымкі. Ініцыятыва накіраваная на стварэньне ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах каапэрацыі мясцовых вытворцаў ягаднай прадукцыі з прыцягненьнем фэрмэраў, прадпрымальнікаў, недзяржаўных арганізацый. Па выніках чакаецца стварэньне кластэра вытворцаў ягаднай прадукцыі. Удзельнікам дапамогуць набыць абсталяваньне, дадуць пасадачны матэрыял і іншае.

На эўрапейскія грошы ў Хойніках рэалізуецца праект «Цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін».

З дапамогай сродкаў ЭЗ у Хойніцкім раёне будзе створана каля 150 працоўных месцаў, у тым ліку для людзей з інваліднасьцю. Для мясцовых жыхароў праводзяць трэнінгі кшталту «як адкрыць бізнэс з нуля».

Летась на абмеркаваньні рэалізацыі праектаў у Хойніках прысутнічалі прадстаўнікі ФПБ, Беларускага саюзу жанчын і «Белай Русі».

«Праект ЭЗ-ПРААН, які рэалізуецца цяпер, дае магчымасьці для разьвіцьця мясцовых ідэй эканамічнай накіраванасьці, якія пакліканыя падтрымаць мясцовы бізнэс. І гэта — важны крок у разьвіцьці грамадзкіх аб’яднаньняў, бо яны тыя, хто падае ідэі жыхароў для ўдзелу ў конкурсах на фінансаваньне», — пісала выданьне «Хойніцкія навіны».

«Прадстаўнікі грамадзкіх абʼяднаньняў расказалі пра сваю дзейнасьць, дасягненьні і пляны. Высьветлілася, што самая шматлікая арганізацыя ў раёне — ФПБ, самая прыгожая — „Беларускі саюз жанчын“, самая патрыятычная — „Белая Русь“», — сьцьвердзіла раённая газэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы