ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Масквы ў сувязі з Навальным

Дарадца амэрыканскага прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джэйкаб Саліван

Адміністрацыя Джо Байдэна рыхтуецца ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі з атручваньнем апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага і заключэньнем яго пад варту, заявіў дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйкаб Саліван.

«Мы рыхтуем яшчэ адзін пакет санкцый для дадзенага выпадку», — сказаў Саліван на канале CNN 20 чэрвеня.

Паводле слоў Салівана, санкцыі будуць уведзеныя, калі ЗША пераканаюцца, што «выбралі правільныя мэты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту: на наступным тыдні ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі

Заява дарадцы Белага дома прагучала празь некалькі дзён пасьля саміту Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна ў Жэнэве, які яны абодва ахарактарызавалі як у цэлым пазытыўны, але які не прывёў да сур’ёзных прарываў.

Байдэн заявіў, што папярэдзіў Пуціна пра наступствы ў выпадку, калі Навальны памрэ ў турме.

  • 2 лютага суд адправіў Аляксея Навальнага ў калёнію на тры з паловай гады ў крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. У 2017 годзе Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што так званая справа «Іў Рашэ», у якой ён быў асуджаны, парушыла права Навальнага на справядлівае разьбіральніцтва. Яму была выплачана кампэнсацыя. Але Вярхоўны суд Расеі прызнаў прысуд законным і адмовіўся яго мяняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што здолелі дамовіцца Байдэн і Пуцін? Камэнтуе прафэсар з ЗША