Пракуратура ня будзе разглядаць патрабаваньні расьсьледаваць суіцыд 18-гадовага пратэстоўца

Студэнцкі страйк, ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Менску адмовілася разглядаць электронныя звароты грамадзян з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне самагубства Дзьмітрыя Стахоўскага, які быў падсьледным у справе аб масавых беспарадках і ў сувязі з гэтым выкінуўся з высотнага будынку.

«У сувязі з паступленьнем шматлікіх электронных зваротаў аб завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці Дзьмітрыя Стахоўскага тлумачым: у адпаведнасьці з артыкуламі 138, 139 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу правам абскарджаньня дзеяньняў і рашэньняў упаўнаважанага органа валодаюць удзельнікі крымінальнага працэсу шляхам падачы скаргі ў вуснай або пісьмовай форме, а таксама іншыя фізычныя і юрыдычныя асобы, калі праводзяцца працэсуальныя дзеяньні і рашэньні закранаюць іх інтарэсы», — сказана ў паведамленьні пракуратуры Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта шмат бед абрынулася на яго». Што кажуць сябры пра загінулага 18-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага?

Ведамства адзначае, што падача скаргаў у электроннай форме крымінальна-працэсуальным законам не прадугледжаная. Звароты, пададзеныя асобамі, якія не надзеленыя адпаведным правам, разглядаць па сутнасьці не належыць.

Дзьмітры Стахоўскі — сірата, што ўскладняе працэдуру завядзеньня крымінальнай справы па факце ягонай сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопца, які ўчыніў суіцыд пасьля перасьледу за пратэсты, крэміравалі

Хлопец праходзіў падазраваным у справе аб масавых беспарадках, зь ім вялі сьледчыя дзеяньні. У ноч на 26 траўня ён скокнуў з 16-павярховага будынка. На сваёй старонцы ў сацсетцы хлопец перад тым актывізаваў перадсьмяротны ліст пра тое, што ня вытрымаў ціску з боку сілавікоў.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што ў момант сьмерці малады чалавек нібыта быў моцна п’яны. Неўзабаве ягонае цела без агалоскі крэміравалі. На п'яны стан дзяржаўныя чыны спасылаліся і ў выпадку са сьмерцю актывіста Рамана Бандарэнкі, хоць мэдычныя паказаньні сьведчылі пра іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па факце гібелі Рамана Бандарэнкі завялі крымінальную справу, праз 100 дзён пасьля сьмерці