Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопца, які ўчыніў суіцыд пасьля перасьледу за пратэсты, крэміравалі


Дзьмітры Стахоўскі

Дзьмітрыя Стахоўскага крэміявалі ў таямніцы ад большасьці блізкіх і сяброў. Невядома, што будзе з прахам.

18-гадовы Дзьмітры Стахоўскі скончыў жыцьцё самагубствам праз перасьлед сілавікоў за масавыя беспарадкі — гэтак ён напісаў у перадсьмяротным допісе ў сацыяльных сетках. Хлопец 25 траўня скінуўся з 16 паверху дома, піша «Вясна».

У каледжы лёгкай прамысловасьці і комплекснай лягістыкі, дзе вучыўся Дзьмітры, прадстаўнікі адміністрацыі зайшлі ў клясу, выбралі 10 вучняў, якіх прымусілі здаць тэлефоны і павезьлі на крэмацыю Стахоўскага. Пры гэтым пра крэмацыю яны даведаліся толькі на месцы, ня ведаючы, куды менавіта іх вязуць.

Больш ніхто патрапіць у крэматорый ня змог — ні знаёмым, ні сябрам дату, час і месца крэмацыі не паведамлялі. Што далей будзе з прахам Дзьмітрыя — невядома.

У Стахоўскага была прыёмная сям’я ў Італіі, куды ён прыяжджаў.

Удзень 25 траўня юнак быў на допыце ў Сьледчым камітэце, а ўвечары ўчыніў суіцыд. Перад гэтым Дзьмітры Стахоўскі пакінуў перадсьмяротны допіс, у якім патлумачыў свой радыкальны ўчынак крымінальным перасьледам праз удзел у мітынгах: «Віной таму стаў Сьледчы камітэт», — удакладніў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG