Масква забараніла амэрыканскім дыпляматам свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Расеі

Амбасада ЗША ў Маскве

Пасьля выхаду з Дамовы аб адкрытым небе Расея таксама адмовілася ад мэмарандуму са Злучанымі Штатамі аб «адкрытай зямлі». Гэты дакумэнт, які дзейнічае з 1992 году, прадугледжваў, што расейскія і амэрыканскія дыпляматы маглі свабодна перамяшчацца па тэрыторыях краінаў, у якіх яны працуюць.

Распараджэньне аб спыненьні мэмарандуму было падпісана 10 чэрвеня прэм'ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусьціным. Раней МЗС Расеі заяўляў, што Расея абмяжуе паездкі амэрыканскіх дыпляматаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея афіцыйна выйшла з Дамовы аб адкрытым небе

Адмова ад мэмарандуму ўваходзіла ў пакет мераў, прынятых Расеяй пасьля ўвядзеньня ў красавіку Злучанымі Штатамі новых санкцый, зьвязаных з умяшаньнем Расеі ў выбары, кібэратакамі і перасьледам лідэра апазыцыі Аляксея Навальнага. Апроч іншага, Расея ўключыла ЗША ў сьпіс краінаў, якія праводзяць непрыязную да Масквы палітыку, і на гэтай падставе забараніла амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў расейскай сталіцы наймаць грамадзян Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: ЗША і Эўразьвяз створаць мэханізм каардынацыі палітыкі ў дачыненьні да Расеі

Амбасадар Расеі Анатоль Антонаў у сакавіку пакінуў ЗША для кансультацый, а пазьней амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван пакінуў Маскву. Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заявіў 10 чэрвеня, што Вашынгтон чакае, што Саліван вернецца ў Маскву ў найбліжэйшыя тыдні. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заклікаў дачакацца сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША, прызначанай на 16 чэрвеня ў Жэнэве, і толькі пасьля гэтага абмеркаваць магчымае вяртаньне амбасадараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрый Мядзьведзеў: адносіны паміж Расеяй і ЗША вярнуліся ў эпоху «халоднай вайны»