Гэта адсылка да Атлянтычнай хартыі, падпісанай 80 гадоў таму, падчас Другой сусьветнай вайны, брытанскім прэмʼерам Уінстанам Чэрчылем і прэзыдэнтам ЗША Франклінам Рузвэльтам. Гэты дакумэнт, да якога пасьля далучыліся іншыя краіны — праціўнікі гітлераўскай Нямеччыны, у тым ліку СССР, быў пакліканы вызначыць галоўныя прынцыпы міжнароднай палітыкі пасьля перамогі ў вайне.
У «новай Атлянтычнай хартыі» падкрэсьліваецца прыхільнасьць ЗША і Брытаніі ідэям дэмакратыі, адкрытага грамадзтва, правоў чалавека. У дакумэнце гаворыцца таксама аб неабходнасьці ўмацаваньня міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, і аб захаваньні прынцыпаў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў.
ЗША і Вялікая Брытанія выступілі за мірнае вырашэньне канфліктаў і пры гэтым падкрэсьлілі, што будуць падтрымліваць сваіх саюзьнікаў па NATO і што, пакуль ядзерная зброя існуе, NATO застанецца саюзам, якія валодае ядзерным арсэналам. У дакумэнце таксама гаворыцца пра неабходнасьць барацьбы са зьменамі клімату.
Байдэн і Джонсан сустрэліся ўпершыню пасьля ўступленьня прэзыдэнта ЗША на пасаду. Брытанскі прэмʼер, які ў мінулым станоўча выказваўся пра ранейшага прэзыдэнта ЗША і суперніка Байдэна Дональда Трампа — назваў сустрэчу з Байдэнам «глытком сьвежага паветра». Па словах прэзыдэнта ЗША, сярод тэмаў, якія яны абмяркоўвалі з брытанскім прэмʼерам, была барацьба з пандэміяй, аднаўленьне глябальнай эканомікі, клімат.
Байдэн прыбыў у Вялікую Брытанію напярэдадні. Гэта яго першая замежная паездка пасьля ўступленьня на пасаду. Выступаючы перад амэрыканскімі вайсковымі лётчыкамі, якія служаць на авіябазе Каралеўскіх вайскова-паветраных сілаў Вялікай Брытаніі ў Мілдэнголе, кіраўнік Белага дому пракамэнтаваў і будучую сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
«Мы не імкнёмся да канфлікту з Расеяй, — сказаў прэзыдэнт ЗША. — Мы хочам стабільных і прадказальных адносінаў... Але я ясна даў зразумець, што калі расейскі ўрад будзе займацца шкоднай дзейнасьцю, адказ Злучаных Штатаў будзе жорсткім і мэтанакіраваным».
11 чэрвеня ў Брытаніі пачнецца саміт «Вялікай сямёркі». Потым Байдэн возьме ўдзел у самітах NATO і ЭЗ, а 16 чэрвеня сустрэнецца з Пуціным у Жэнэве.