Урад грозіцца адмовіцца ад прадукцыі ЭЗ. Што Беларусь там закупляе?

Чарга з грузавых аўтамабіляў на польска-беларускай мяжы. 5 чэрвеня

У адказ на санкцыі ЭЗ прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка прыгразіў адмовіцца ад заходніх тэхналёгій і тавараў. Глядзім, што Беларусь закупляе ў краінах Эўразьвязу.

«Мы ведаем, што прыдумаць замест, ведаем пастаўшчыкоў і гатовыя пераарыентавацца. Разрыў тэхналёгій цяпер мінімальны, ёсьць толькі вельмі эксклюзіўныя рэчы, манаполія на якія належыць Захаду. Таму тэхналягічна мы гатовыя пераключыцца на азіяцкія тэхналёгіі, якія ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў сямімільнымі крокамі рухаюцца наперад», — сказаў Раман Галоўчанка.

Разьбіраемся, якія эўрапейскія тавары і тэхналёгіі набывае Беларусь.

Аўтамабілі і трактары

Беларускія дальнабойнікі езьдзяць ня толькі на «МАЗах» і расейскіх грузавіках. Па статыстыцы, за студзень–сакавік Беларусь набыла ў ЭЗ грузавікоў на 7,3 мільёна даляраў, у тым ліку найбольш у Нямеччыне — на 3,3 мільёна даляраў.

Легкавых аўтамабіляў Беларусь за студзень–сакавік набыла ў ЭЗ на 7,5 мільёна даляраў. У Расеі значна больш — на 121 мільён даляраў. Гэта абумоўлена тым, што ў Расеі каля дзясятка заводаў, дзе зьбіраюць эўрапейскія аўтамабілі, хоць эўрапейскімі яны ад гэтага лічыцца не перастаюць.

І нават трактары, якія таксама робяць у Беларусі, Беларусь набывае ў ЭЗ. Са студзеня па сакавік такіх трактароў і седлавых цягачоў набылі на 14 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка: У адказ на санкцыі Беларусь адмовіцца ад заходніх тэхналёгій і тавараў

Прыборы для мэдыцыны

У студзені-сакавіку Беларусь закупіла ў ЭЗ прыбораў для мэдыцыны на 12,4 мільёна даляраў. Гэта 38% ад усіх прыбораў для мэдыцыны, якія Беларусь імпартавала за гэты час. Сярод іх электракардыёграфы, апараты ўльтрагукавога сканаваньня, магнітна-рэзанансныя тамографы і нават шпрыцы з іголкамі.

Імунныя сывараткі і фракцыі крыві

За студзень–сакавік Беларусь закупіла імуннай сывараткі і фракцый крыві на 8,5 мільёна даляраў. Найбольш — у ЭЗ: на 6,2 мільёна даляраў. Гэта 79% ад гэтай катэгорыі мэдычных тавараў. Таксама Беларусь набыла імуннай сывараткі і фракцый крыві ў ЗША на 1,1 мільёна даляраў.

Вэтэрынарныя вакцыны

ЭЗ — буйны пастаўшчык вэтэрынарных вакцын, за студзень-люты гэтага тавару Беларусь набыла ў ЭЗ на 4,2 мільёна даляраў. У Расеі — удвая менш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі ЭЗ будуць нашмат шырэйшыя за тыя, што рыхтаваліся раней за выпадак з самалётам», — эўрапейскія палітыкі пра крызіс у Беларусі

Кіслата для тэкстыльнай прамысловасьці

Тэрэфталевая кіслата выкарыстоўваецца для тэкстыльнай прамысловасьці і ў вытворчасьці прамысловых валокнаў. Са студзеня па сакавік Беларусь набыла ў ЭЗ гэтага тавару на 4,7 мільёна даляраў. Столькі ж купілі ў Паўднёвай Карэі. ​

Пэраксід вадароду

У ЭЗ Беларусь набывала найбольш перакісу вадароду, які выкарыстоўваецца ня толькі ў мэдыцыне, але і ў хімічнай прамысловасьці. Са студзеня па сакавік гэтага тавару Беларусь набыла на 1,4 мільёна даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 2 мільярды рублёў за 4 месяцы. Як зьмяняўся дэфіцыт бюджэту Беларусі