У Швайцарыі арыштавалі расейскага бізнэсоўца, якога называлі аўтарам тэлеграм-каналу «Незыгарь»

Паліцэйская машына на вуліцы Цюрыху. Архіўнае фота

У Швайцарыі арыштавалі ўладальніка сыстэмы маніторынгу блогаў і СМІ «Катюша», якой карыстаюцца Адміністрацыя прэзыдэнта і Міністэрства абароны Расеі.

Экстрадыцыі бізнэсоўца Ўладзіслава Клюшына патрабуюць ЗША, там яго падазраюць у інсайдэрскім гандлі на дзясяткі мільёнаў даляраў. Пра гэта Міністэрства юстыцыі Швайцарыі паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода.

У 2018 годзе выданьне «Проект» называла Клюшына меркаваным аўтарам папулярнага палітычнага ананімнага тэлеграм-каналу «Незыгарь». Бізнэсовец дамогся абвяржэньня гэтай інфармацыі ў судзе, заявіўшы, што публікацыя паказвае яго як ненадзейнага бізнэс-партнэра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блог 1863x заявіў, што прыдумаў апублікаваныя каналам «Незыгарь» чуткі пра Макея і Пазьняка

У расьсьледаваньні выданьня «Проект» адзначалася, што тэлеграм-канал «Незыгарь» цесна зьвязаны з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Аляксеем Громавым – былы прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна лічыцца крамлёўскім куратарам расейскай тэлевізіі.

На допыце пасьля арышту ў Швайцарыі Клюшын заявіў, што выступае супраць экстрадыцыі. У сваіх скаргах Клюшын настойвае, што ён і яго кампанія «адыгрываюць стратэгічна важную ролю для ўраду Расеі», паведамляе выданьне «Открытые медиа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За каго Расея ў Беларусі? Меркаваньне палітоляга

Цяпер Уладзіслаў Клюшын утрымліваецца ў турме швайцарскага гораду Сыён у кантоне Вале, дзе ён быў затрыманы. Яго адмовіліся адпусьціць пад заклад паўтара мільёна франкаў (прыкладна 1,6 мільёна даляраў).

Расейскія ўлады арышт бізнэсоўца пакуль не камэнтавалі.