Разблякавалі рахункі трох выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускамоўнай літаратуры

Выданьне з сэрыі «Беларускі кнігазбор», ілюстрацыйнае фота.

«Беларускі кнігазабор», выдавецтва «Янушкевіч» і Knihi.by атрымалі паведамленьні пра магчымасьць карыстацца банкаўскімі рахункамі, якія былі арыштаваныя пяць месяцаў таму.

Спачатку 8 чэрвеня дырэктар «Кнігазбору» Генадзь Вінярскі паведаміў, што калектыў вытрымаў 146 дзён фінансавай блякады і неўзабаве супрацоўнікі атрымаюць першы сёлета заробак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рахункі выдавецтва «Кнігазбор» разблякавалі пасьля 146 дзён фінансавай блякады

Сьледам аналягічнай навіной падзяліўся заснавальнік аднайменнага выдавецтва Андрэй Янушкевіч.

«У нас зноў запрацавала аплата онлайн (банкаўскай карткай і АРІП), будзе пакрысе адкрывацца паштовая дастаўка за мяжу. Банкаўскія рахункі сталі даступныя для працы, мы ўжо пасьпелі заплаціць друкарням у розных краінах за друк, а праваўладальнікам — за ліцэнзіі. Чакайце добрых навін!» — такі допіс зьявіўся ў тэлеграм-канале выдавецтва.

Факт разблякаваньня рахункаў пацьвердзіў Свабодзе і гаспадар інтэрнэт-крамы Knihi.by Алесь Яўдаха.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавецтвы «Кнігазбор» і «Янушкевіч» 5 месяцаў працуюць з заблякаванымі рахункамі 

Аднак справа, мяркуючы па ўсім, яшчэ не закрытая. Прынамсі, тэхніка і літаратура «Беларускага кнігазбору», забраныя на праверку, па-ранейшаму ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Там жа застаецца і друкаваная прадукцыя кнігарні Knihi.by.

Рахункі незалежных выдавецтваў і распаўсюднікаў, якія не карысталіся дзяржаўнымі датацыямі, арыштавалі сёлета ў студзені. Кіраўнікі сталі фігурантамі крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасьці, іх прымусілі напісаць падпіску аб невыдаваньні зьвестак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яўдаху і Янушкевіча вызвалілі пасьля допыту, зь іх узялі падпіску аб неразгалошваньні

Выдаўцы не выключалі вымушанага спыненьня дзейнасьці праз вычарпанасьць унутраных рэсурсаў. Аднак натхняла тое, што рэальна вырас попыт на беларускамоўную кнігу, якая на фоне палітычных падзей стала грамадзкай зьявай.