Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка: «НКВД і савецкія ўлады ў 1920-х пачалі ствараць генплян, які існаваньня Старога гораду ў Менску не прадугледжваў»


«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» — так называецца новая кніга Сяргея Абламейкі, якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Гэта першае навуковае дасьледаваньне пра зьнішчэньне самай старой часткі Менску.

Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Буктрэйлер
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:41 0:00

Пра час і прычыны разбурэньня Старога гораду, яго загадкі, яго герояў і антыгерояў мы пагаварылі з аўтарам — доктарам гісторыі і нашым калегам.

— Віншуем, Сяргей, з новай кнігай. Яна прысьвечана памяці вашай бабулі Веры Лось-Паўлавай. Удзячны ўнук у слове ад аўтара коратка апавядае, як яна адкрывала вам тапаніміку і таямніцы радзіннага места. Бабуліны экскурсы абудзілі ў вас цікавасьць да месца жыцьця вашай сям’і і боль за яго зьнікненьне. Скажыце, калі б не асабістыя вашы ўражаньні і пачуцьці, ці напісалася б гэтая кніга?

— Відаць, не. Бабуля любіла Нямігу як рэшту раёну сваёй маладосьці і плакала, калі яе зносілі. Вядома, гэта не магло не перадацца і мне, бо я таксама бачыў Нямігу на свае вочы і памятаў атмасфэру яе маленькіх утульных дворыкаў. Без бабулі таго сантымэнту ў мяне не было б. Але ў рашэньні ўзяцца за кнігу пра лёс Старога гораду было таксама шмат інтэлектуальнага і патрыятычнага выбару. Ужо стаўшы студэнтам гістфаку БДУ, я зразумеў важнасьць старых камянёў для нацыянальнай культуры. Было прыкра езьдзіць у Вільню, бачыць там адрэстаўраваныя помнікі і вяртацца ў сталінскі Менск з маленькім кавалкам даўняга гораду — Траецкім прадмесьцем.

Адзін з самых старых аэрафотаздымкаў Менску, 15 чэрвеня 1917 году. Лявей ад тагачаснага цэнтральнага пляцу Менску (Саборнага) — Стары горад, не крануты ніякімі пазьнейшымі разбурэньнямі і пажарамі. Публікуецца ўпершыню.
Адзін з самых старых аэрафотаздымкаў Менску, 15 чэрвеня 1917 году. Лявей ад тагачаснага цэнтральнага пляцу Менску (Саборнага) — Стары горад, не крануты ніякімі пазьнейшымі разбурэньнямі і пажарамі. Публікуецца ўпершыню.

Гэтаму спрыяла і ўся атмасфэра другой паловы 1980-х гадоў, калі ў Верхнім горадзе праводзіў раскопкі і экскурсіі Зянон Пазьняк, калі выйшла яго кніга «Рэха даўняга часу» і кніга Ўладзімера Дзянісава «Площадь Свободы в Минске». Другім мітынгам пасьля Дзядоў-1987 стаў мітынг «Талакі» вясной 1988-га супраць станцыі мэтро на Нямізе і лініі мэтро пад Верхнім Горадам. Ды «Талака» і пачалася з удзелу ў рэстаўрацыі помнікаў і іх абароне. А я быў яе сябрам.

— Вашы даўнія прыхільнікі ўжо, пэўна, і не спадзяваліся дачакацца выхаду кнігі, бо ж першыя публікацыі пра стары Менск зьяўляліся час ад часу яшчэ гадоў 15 таму. Чаму так доўга пісалася гэтая кніга? Што вам замінала ці чаго бракавала для хутчэйшае працы?

— Сапраўды, вясной 2005 году ў двух нумарах «Нашай нівы» з працягам было надрукаванае маё эсэ «Каханы горад». Я марыў пра аднаўленьне менавіта раёну Старога гораду, які існаваў на Замкавай гары і вакол яе. А тады ўжо ва ўсю разгарнула працу таварыства гарвыканкаму «Мінская спадчына», якое, па сутнасьці, зьнішчала магчымасьць будучай рэгенэрацыі Старога гораду, зьнішчала аўтэнтычныя помнікі. У тую ж вясну ў Прагу прыяжджаў Рыгор Барадулін, ён прачытаў маё эсэ, захапіўся і параіў мне выдаць яго невялікай кнігай з ілюстрацыямі. Вось так і нарадзілася ідэя выдаць той тэкст кнігай. Яе таксама горача падтрымалі Ўладзімер Арлоў і Сргей Навумчык.

Я стаў шукаць старыя фатаздымкі, стаў іх параўноўваць і ўрэшце ў 2006 годзе ўзяўся не за публікацыю таго эсэ (яно выйшла ў 2014 годзе ў кнізе маёй эсэістыкі «Настальгія»), а за сурʼёзнае навуковае дасьледаваньне тэмы зьнікненьня менавіта забудовы Нізкага рынку і Замчышча як самага старога раёну Менску і самага «эўрапейскага» — менавіта там былі вузкія і крывыя вуліцы, менавіта тое месца, як пісаў яшчэ Сыракомля, нагадвала яму Вільню.

Вуліца Казьмадзям'янаўская, кадар з кінафільму "Лясная быль", 1926 год
Вуліца Казьмадзям'янаўская, кадар з кінафільму "Лясная быль", 1926 год

Дасьледаваньне ахоплівала сабой ня толькі працу ў архівах са старымі дакумэнтамі і ў бібліятэках са старымі газэтамі і часопісамі. Трэба было таксама знайсьці і апытаць менскіх старажылаў, якія маглі памятаць, калі менавіта зьнік той або іншы квартал Старога гораду, бо датаваньне фотаздымкаў у архівах не заўсёды дакладнае. Асабліва гэта тычыцца беларускіх архіваў. Таксама я шукаў і старыя невядомыя здымкі Менску.

І вось так каля 10 гадоў я езьдзіў з Прагі ў Менск па некалькі разоў у год на два-тры тыдні і працаваў у архівах і бібліятэках. Мне вельмі дапамагалі сваякі — бацькі і брат, а таксама многія сябры і калегі. Я пералічваю іх імёны ў кнізе. Трэба было дамаўляцца на сустрэчы са старажыламі, рабіць копіі ў бібліятэках і архівах таго, што я раней знайшоў, але не скапіяваў.

Стары Менск, ілюстрацыя да кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня". Вуліца Кацярынінская 1926 год, пракладка каналізацыі
Стары Менск, ілюстрацыя да кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня". Вуліца Кацярынінская 1926 год, пракладка каналізацыі

Таксама за гэты час я абʼехаў многа архіваў у ЗША, Нямеччыне, Чэхіі, Аўстрыі і Польшчы і знайшоў там шмат раней невядомых здымкаў Менску, у тым ліку і вельмі каштоўныя авіяздымкі ў ваенным архіве Баварыі і Нацыянальным архіве ЗША. Жывучы фізычна і працуючы ў Празе, усё гэта было рабіць няпроста. Я вельмі ўдзячны дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку за тое, што ён разумеў важнасьць гэтай справы, адпускаў мяне ў паездкі і спрыяў ім.

На жаль, фармат Бібліятэкі Свабоды не дазваляе публікаваць шмат здымкаў. Таму мы знойдзем іншыя формы іх публікацыі ў будучыні, у тым ліку і ў нашых відэападкастах і ў сацыяльных сетках.

Да таго ж у 2015 годзе я зразумеў, што напісаў фактычна доктарскую дысэртацыю, і падаў яе ў Беластоцкі ўнівэрсытэт для абароны. Гэта таксама адклала выхад кнігі, бо, паводле польскіх правілаў, доктарская дысэртацыя ня можа быць загадзя апублікаваная. Я абараніў дысэртацыю вясной 2018 году. Але кніга ня тоесная дысэртацыі. Гэта ў значнай ступені перароблены і перапрацаваны тэкст, у якім улічаныя заўвагі трох навуковых рэцэнзэнтаў — прафэсараў Дароты Міхалюк, Захара Шыбекі і Рамана Юркоўскага.

— Гэта кніга ня проста пра ваш родны горад, ня проста пра ягоную невядомую шараговым месьцічам даўніну, і нават зусім не пра такую ўжо і старасьвеччыну Менску, а ўсяго толькі пра няпоўныя тры дзясяткі гадоў мінулага стагодзьдзя. Чаму? Што абумовіла рамкі вашага дасьледніцкага выбару?

— Гэтая кніга — першая частка маёй манаграфіі. Яна ахоплівае час ад 1919 году, калі дзеячы БНР зьвярнулі ўвагу на Замчышча і калі зьявілася прапанова пабудаваць там сядзібу ўраду БНР, і да 1941 году, калі пачалася актыўная рэалізацыя створанага ў Ленінградзе генпляну Менску 1936–1939 гадоў, які прадугледжваў поўнае зьнішчэньне Старога гораду.

Паўночны кут Нізкага рынку, 1918 год
Паўночны кут Нізкага рынку, 1918 год

Там вельмі шмат апісана падзеяў сярэдзіны 1920-х гадоў, калі нацыянальныя дзеячы зьвярнулі ўвагу на Стары горад і нават распрацавалі плян яго рэстаўрацыі. Яго хацелі адрэстаўраваць, хацелі назваць там вуліцы імёнамі Каліноўскага і Скарыны, паставіць помнік Каліноўскаму каля будынка Гродзкага суду, дзе, як лічылася, была друкарня «Мужыцкай праўды», хацелі стварыць музэй Старога Менску. Нічога не ўдалося. НКВД і савецкія ўлады ў сярэдзіне 1920-х гадоў пачалі плянаваць сацыялістычную рэканструкцыю Менску і стварылі генплян, які існаваньня Старога гораду не прадугледжваў.

Другая кніга будзе прысьвечаная часу Другой сусьветнай вайны і пасьляваеннаму аднаўленьню Менску, яе даты 1941–1956. Менавіта ў 1956 годзе была канчаткова скапаная Замкавая гара, і на яе месцы пачалося будаўніцтва дому спорту «Трудовые резервы».

Крама на вуліцы Казьмадзям'янаўскай, 1925 год
Крама на вуліцы Казьмадзям'янаўскай, 1925 год

У другой кнізе шмат расказваецца пра пасьляваенныя генпляны Менску і спробы беларускіх інтэлектуалаў 1950-х гадоў уратаваць рэшту Старога гораду. Сярод іх можна знайсьці і шмат нечаканых імёнаў. Гэта, напрыклад, прафэсар мастацтвазнаўства Міхаіл Кацар, член-карэспандэнт АН СССР і акадэмік АН БССР гісторык Мікалай Нікольскі, член-карэспандэнт АН БССР паэт Пятро Глебка, пісьменьнік Піліп Пестрак, народны артыст СССР, кампазытар Яўген Цікоцкі, народны артыст СССР Уладзімер Уладамірскі, доктар філялёгіі, дэкан філфаку БДУ Міхась Ларчанка.

Таксама цікавымі будуць дэталі, як савецкі агітпрап змагаўся з абаронцамі менскай даўніны ў 1956 годзе.

— Тэма зьнікненьня старога гораду за часы ўсталяваньня тут савецкай улады — неараная цаліна беларускай гістарычнай навукі. Вы першы з навукоўцаў, хто ўзяўся за дасьледаваньне зьніклага Менску. Чаму, на вашу думку, вашы калегі абыходзілі і абыходзяць гэтую тэму?

— Мне цяжка сказаць, чаму менавіта. Відаць, у беларускіх гісторыкаў іншыя навуковыя зацікаўленьні. Фактычна пра каштоўнасьць помнікаў гістарычнага цэнтру Менску пісалі толькі Зянон Пазьняк, Уладзімер Дзянісаў і Расьціслаў Баравы. Але дагэтуль ніхто не зацікавіўся менавіта гісторыяй зьнікненьня самай старой часткі гораду — Замкавай гары і яе забудовы XVI–XIX стагодзьдзяў з двума рынкавымі пляцамі і будынкам Гродзкага суду, дзе маглі адбывацца сэсіі трыбуналу ВКЛ. Менавіта гэтая частка Менску ў ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў называлася Старым горадам.

Крама на рагу вуліц Кацярыненскай і Школьнай, 1925 год
Крама на рагу вуліц Кацярыненскай і Школьнай, 1925 год

У кнізе 800-900 спасылак, і большасьць зь іх на архіўныя дакумэнты і публікацыі тагачаснага друку. На працы папярэднікаў я спаслацца ня мог, бо іх проста не было.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя радасныя ці самыя балючыя вашы дасьледніцкія адкрыцьці ў часе росшукаў зьвестак пра архітэктурныя страты Менску.

— О, тут усяго не пералічыш! Я быў шчасьлівы, калі знаходзіў невядомыя фатаздымкі Менску ў Мюнхэне, Кобленцы або Вашынгтоне. Амаль усе фатаздымкі зь нямецкага Бундэсархіву, вядомыя сёньня, знайшоў і сканаваў там я ў пачатку 2008 году, таму яны і трапілі ў адкрыты доступ у сеціва. Але ў Кобленцы застаюцца яшчэ сотні здымкаў, якіх я не сканаваў, таму іх ніхто сёньня яшчэ ня бачыў.

Майстэрня шаўца на вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай), 1925 год
Майстэрня шаўца на вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай), 1925 год

Я з трымценьнем трымаў у руках старыя пратаколы паседжаньняў Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту і чытаў імёны людзей, якія былі ўцягнутыя ў абарону старога Менску. Гэта Мікола Шчакаціхін, Уладзімер Дубоўка… Уражвалі і старонкі асабістых справаў менскіх гаспадарнікаў, дзе яны ў анкетах прызнавалі сваю сувязь з ГПУ…

— А ці здараліся ў вашай працы над кнігай нейкія рэчы, якія ўмоўна можна назваць мэтафізычнымі?

— Так, шмат разоў. Вельмі часта лёгіка дасьледаваньня прымушала мяне зрабіць выснову пра існаваньне нечага ці некага, і я, памучыўшыся, вырашаў так і напісаць. Нешта ўнутры мяне проста прымушала мяне гэта зрабіць. Але доказаў не было. І пасьля, празь некалькі месяцаў ці нават гадоў, дакумэнтальныя доказы знаходзіліся. Зноў кажу, так было шматкроць. І ні разу тое, што мне ў галаве, душы і сэрцы стукалася і змушала так зрабіць, не памылілася!

Наогул, шмат у чым першая кніга — гэта вынік рэканструкцыі падзеяў 1920-х гадоў на падставе вельмі дрэнна захаваных архіўных дакумэнтаў і публікацый тагачаснага друку.

— Чаго вы чакаеце ад чытачоў кнігі?

— Можа быць, нехта зь іх стане такім жа непапраўным рамантыкам, як я, і таксама пачне марыць пра аднаўленьне Старога гораду, яго рэгенэрацыю са зносам некалькіх пазьнейшых навабудаў. Я мару, каб рэгенэрацыя Старога гораду стала агульнанацыянальнай кампаніяй, каб на яе зьбіралі грошы ўсім народам, талакой, і каб гэтым займалася найперш дзяржава.

Ня ведаю, ці ўдасца мне прайсьціся па адноўленай вуліцы Казьмадзямʼянаўскай, але дух мой туды дакладна некалі завітае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG