Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рахункі выдавецтва «Кнігазбор» разблякавалі пасьля 146 дзён фінансавай блякады


Друкаваная прадукцыя «Кнігазбору», ілюстрацыйнае фота

Паводле дырэктара выдавецтва Генадзя Вінярскага, ягоныя супрацоўнікі нарэшце атрымаюць першы ў 2021 годзе заробак.

Пяць месяцаў былі арыштаваныя рахункі двух незалежных выдавецтваў, якія выпускаюць кнігі на беларускай мове.

8 чэрвеня дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі паведаміў, што рахункі нарэшце разблякаваныя, супрацоўнікі атрымаюць першы ў гэтым годзе заробак. Аднак сама справа, мяркуе ён, яшчэ не закрытая — прынамсі, тэхніка і кнігі па-ранейшаму ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў.

Рахункі незалежных выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч» арыштавалі ў студзені. Кіраўнікі абодвух выдавецтваў Генадзь Вінярскі і Андрэй Янушкевіч — фігуранты крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасьці, зь іх узялі падпіску аб неразгалошваньні зьвестак.

8 красавіка выдавецтва «Янушкевіч» сутыкнулася з тым, што надрукаваны ў Літве дадатковы наклад кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» затрымалі на мытні і адправілі на экспэртызу. Яна павінна была завяршыцца за 30 дзён, але потым выдаўцу паведамілі, што адказ будзе пазьней з прычыны «складанасьці дасьледаваньня».

Абодва выдаўцы казалі пра небясьпеку спыненьня дзейнасьці, бо ўнутраныя рэсурсы фактычна вычарпаныя. Аднак натхняла тое, што рэальна вырас попыт на беларускамоўную кнігу, якая на фоне палітычных падзей стала грамадзкай зьявай.

Што з рахункамі выдавецтва «Янушкевіч», на гэты момант невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG