Вядомага актора Аляксандра Ждановіча — Маляваныча — звольнілі з тэатру

Аляксандар Ждановіч

Ждановіч служыў у тэатры імя Горкага ў Менску. Ён звольнены па артыкуле «Страта даверу наймальніка».

Як паведаміў «Народнай Волі» дырэктар Драматычнага тэатру імя Горкага Эдуард Герасімовіч, ён неаднаразова прапаноўваў Аляксандру Ждановічу пакінуць тэатар іншым чынам, напрыклад, па артыкуле «па згодзе бакоў», аднак актор настойваў толькі на звальненьні згодна з артыкулам 47, за «страту даверу з боку наймальніка».

Паводле Герасімовіча, у тэатры ёсьць загад на атэстацыю калектыву, дырэктар установы катэгарычна ня згодны, калі сьпіс называюць «сьпісам на звальненьне». Зрэшты, Ждановіча звольнілі раней за анансаваную атэстацыю.

Сам Аляксандар Ждановіч, які здабыў найбольшую папулярнасьць пасьля ўдзелу ў тэлепраграме «Калыханка», пакуль не камэнтуе сваё звальненьне. Увосень ён неаднаразова заяўляў, што выбары прэзыдэнта ў Беларусі сфальсыфікавалі, актыўна пісаў пра гэта ў сацыяльных сетках. За адну з акцый пратэсту Маляваныч адбыў 9 сутак арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паставілі забаронены ў Беларусі спэктакль паводле раману Сашы Філіпенкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячаслаў Ракіцкі: «Сёньня хіба што найгоршы час для тэатраў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога ня страшна, пакуль мы разам». Чаму актор Аляксандар Ждановіч піша палітвязьням у СІЗА