Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога ня страшна, пакуль мы разам». Чаму актор Аляксандар Ждановіч піша палітвязьням у СІЗА


Палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава), адна з адрасатак Аляксандра Ждановіча. Фота 2017 году.
Палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава), адна з адрасатак Аляксандра Ждановіча. Фота 2017 году.

Беларускі актор Аляксандар Ждановіч, вядомы як Маляваныч зь дзіцячай «Калыханкі», піша лісты палітвязьням.

Да Новага году разам з сынам напісаў за краты лісты шэрагу зьняволеных — Марыі Калесьнікавай, Кацярыне Андрэевай, Сьцяпану Латыпаву, Максіму Знаку і іншым. Зь імі ён асабіста не знаёмы. Перш чым пісаць, прачытаў пра іх на праваабарончым сайце «Вясна».

«Лісты, поўныя надзеі»

«Кожны робіць тое, што яму падабаецца. Аднаму прыемна біць, ганяць іншых і за гэта атрымліваць заробак. Некаму падабаецца павучаць, кіраваць, падпарадкоўваць. Мне падабаецца прыносіць радасьць, зьмякчаць сытуацыю, у якой людзі апынуліся неправамерна, нявінна пацярпелым, пазбаўленым свабоды і зносін. Сам крыху пабыў там, хаця і бяз гэтага зразумела, што трэба пісаць», — кажа Аляксандар Ждановіч.

У фэйсбуку актор далучыўся да групы «Лісты салідарнасьці».

«Аказваецца, вялікая колькасьць людзей пішуць лісты, абменьваюцца радасьцю, калі прыходзяць адказы, бо яны прыходзяць ня часта. На дзесяць лістоў адзін даходзіць. Людзі, якія за кратамі падбадзёрваюць нас, лісты поўныя надзеі, у іх ёсьць сьвятло і радасьць», — кажа актор.

Першы ліст з-за кратаў да Маляваныча

Аляксандар Ждановіч не спадзяваўся, што лісты яго дойдуць да адрасатаў. Пакуль адказ атрымаў з-за кратаў толькі ад Кацярыны Андрэевай.

Ліст палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) актору Аляксандру Ждановічу.
Ліст палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) актору Аляксандру Ждановічу.

У ім Кацярына піша: «Ці ведала, ці магла ўявіць сабе, што праз 20 гадоў мой любімы вядучы „Калыханкі“ будзе дасылаць мне паштоўкі ў СІЗА? ;)

Прыміце ўзаемныя пажаданьні сьвітаньня пасьля цёмнай ночы. Але нічога ня страшна, пакуль мы разам, падтрымліваем адзін аднаго і не пакідаем у бядзе. Калі ласка, раскажыце мне пра свой шляху ў прафэсіі, пра нейкія цікавыя моманты маладосьці і чым жывяце цяпер?

Такія лісты неверагодна падымаюць настрой! Буду трымацца з усіх сіл».

На вугалках ліста выразаныя ўзорчыкі і прылепленая сьняжынка.

«Асобная тэма, што мы не прызвычаіліся пісаць і атрымліваць лісты, бо цяпер пішам хутка, СМС, якія не перадаюць сапраўднай цеплыні. Нават па почырку можна многае даведацца пра чалавека, — кажа Аляксандар. — Калі я ўбачыў ліст у маёй паштовай скрыні, бела-чырвоны канвэрт, гэта мяне кранула да сьлёз. Ліст напоўнены далікатнасьцю і інтэлігентнасьцю. Самае галоўнае, што мяне кранула, — Кацярына папрасіла патэлефанаваць яе бабулі Ганьне і напісала нумар тэлефону».

Актор Аляксандар Ждановіч
Актор Аляксандар Ждановіч

Аляксандар Ждановіч патэлефанаваў бабулі Кацярыны, і яны размаўлялі каля паўгадзіны.

«Яна выкладчыца гісторыі, перажывае за Кацярыну. Мы разгаварыліся, аказалася такая роднасная душа. Яна шмат пра Кацярыну расказвала».

Паводле Аляксандра Ждановіча, пісаць палітвязьням вельмі важна.

«Ня так шмат мы цяпер можам, але хаця б застацца чалавекам у гэтай бесчалавечнай сытуацыі, якая ўжо сасьпела і высьпявае далей», — кажа Аляксандар.

«Маляваныч, мы з табой, трымайся!»

У лістападзе мінулага году Аляксандар Ждановіч адбываў 9 сутак арышту па артыкуле 32.24. У гэты час яго сябры шмат пісалі пра яго ў сацсетках, маўляў, забралі «галоўнага лялькавода». У пад’езьдзе яго дома вывешваліся плякаты «Маляваныч, мы з табой, трымайся!», знаёмыя і незнаёмыя людзі прыносілі піражкі і пасылкі.

Аляксандар кажа, што пасьля падзеяў мінулага году ў яго жыцьці шмат што памянялася, як і ва ўсіх. У тэатар імя Горкага, дзе ён працуе, прыйшоў ліст з МУС, адміністрацыя правяла зь ім гутарку.

«Мае погляды на многія рэчы кардынальна памяняліся», — кажа актор.

Дзе можна ўбачыць Маляваныча?

Цяпер, паводле Аляксандра Ждановіча, у тэатры «прастой». Спэктакляў з прычыны ковіду, а да таго ж рамонту, ідзе мала. Няма ў яго і новых рэпэтыцый.

«Многа вольнага часу. У мяне ёсьць дзіцячая студыя пры манастыры, але нашы інтэрнаты на карантыне, і спэктаклі, у якіх гралі дзеці з асаблівасьцямі, спыніліся. Зь іншымі дзецьмі рыхтуем спэктакль „Да пабачэньня, яр“ па аповесьці Канстанціна Сергіенкі».


У сьнежні Аляксандар Ждановіч браў удзел у праекце Беларускага фонду культурнай салідарнасьці «Каляды з Маляванычам», чытае казкі-падабайкі на «Добрым дзіцячым канале». Плянуе ўзяць удзел у праекце «Белы Трусік Чырвоны Трусік».

На жаль, стала вядома, што гастрольнае пасьведчаньне на гэтыя спэктаклі ануляванае «па фармальных прычынах». Арганізатары спадзяюцца, што пытаньне ўдасца вырашыць і спэктаклі, заяўленыя на другую палову месяца, гледачы ўбачаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG