Рэнэ Фазэль надалей шкадуе, што Менск страціў хакейны чэмпіянат з прычыны палітычнага крызісу

Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, архіўнае фота.

21 траўня ў Латвіі стартуе хакейны чэмпіянат сьвету. Адпачатку турнір плянаваўся ў Рызе і Менску, аднак праз палітычную сытуацыю беларускую частку анулявалі.

Напярэдадні старту спаборніцтваў прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль расказаў у падкасьце Eisbrecher, чаму шкадуе пра адмену гульняў у Менску. У прыватнасьці, ён паўтарыў свой тэзіс, што спорт «мог бы зблізіць уладу і апазыцыю ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам

«Мы з Лукашэнкам даўно ведаем адзін аднаго, разам гулялі на аматарскіх турнірах, я быў судзьдзёй. Ён неверагодна адданы спорту. А потым паўстала гэтая дурная гісторыя з выбарамі ў жніўні. Падчас нашай размовы сказаў мне: „Я ведаю, у якой сытуацыі знаходзіцца твая асацыяцыя, і дапускаю, што табе прыйдзецца прыняць рашэньне...“ Урэшце, гэта сапраўды залежыць ня толькі ад мяне, а і ад краін-удзельніц. Я ведаў, што паўночныя краіны (Фінляндыя, Нарвэгія, Данія, Швэцыя) зазнаюць палітычны ціск, што, на мой погляд, вельмі дрэнна», — адзначыў Рэнэ Фазэль.

Далей ён панаракаў, што канчаткова перавярнулі ўсю справу спонсары, якія пад ціскам міжнароднай супольнасьці адмовіліся фінансаваць турнір у выпадку яго правядзеньня ў Беларусі. Пры гэтым ён не згадаў, што за гэта брэнды Škoda, Nivea, Liqui Moly былі выгнаныя зь беларускага рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія і чэскія спонсары чэмпіянату сьвету ў хакеі адрэагавалі на санкцыі Лукашэнкі

«Я лічу, што спонсары павялі сябе нядобра. Мы страцілі выдатную магчымасьць аднавіць пэўны балянс з дапамогай гэтых спаборніцтваў. Каб паехалі ў Менск, сытуацыя магла б супакоіцца. Чэмпіянат сьвету варта было выкарыстаць для таго, каб зноў зблізіць два фронты — уладу і апазыцыю. Каб яны маглі знайсьці спосаб зноў жыць разам. Лукашэнка — ня той, хто настойвае на тым, каб заставацца ва ўладзе некалькі наступных гадоў. Але такі сёньняшні сьвет камунікацый», — заявіў кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтамабілі Škoda і касмэтыку Nivea забаранілі ўвозіць у Беларусь. Урад апублікаваў сьпіс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка страціў чэмпіянат у хакеі. Хроніка падзей