Да 15 сутак. У Магілёве судзяць затрыманых падчас адкрыцьця працэсу над Севярынцам

Алег Аксёнаў.

Першым судзілі рэгіянальнальнага каарданатара аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава.

Аксёнава асудзілі за несанкцыянаваны пікет ля будынку Магілёўскага абласнога суду на 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Справу разглядала судзьдзя Ксенія Ўрублеўская.

Затрымалі Алега Аксёнава 12 траўня пасьля таго, як група грамадзян адышла ад суду, дзе пачаўся закрыты працэс супраць сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца і актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Эўрапейская Беларусь». Два дні Аксёнаў прабыў у ізалятары, судзілі яго празь відэасувязь.

Сваёй віны Аксёнаў не прызнаў. Ён заявіў, што ў пікетаваньні ня ўдзельнічаў. У суд прыйшоў, каб падтрымаць свайго сябра Паўла Севярынца і пабачыцца зь ягонымі сваякамі. Актывіст прызнаў, што чуў, як супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад людзей пайсьці з пляцоўкі перад судом. Ён падпарадкаваўся і па дарозе ад суду адказваў на пытаньні журналіста. У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня Арсёнаў адзначыў, што «быў захоплены падманам на вялікай адлегласьці ад суду». Маўляў, яго завялі ў аўтобус зь сілавікамі, каб у аддзеле разабрацца, ці аплаціў ён штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працэс супраць Севярынца і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» пачаўся з затрыманьня журналістаў. Родных у судовую залю не пусьцілі. ВІДЭА

У пратаколе ж напісана, што актывіст нібыта ўдзельнічаў у пікетаваньні для «падтрымкі Севярынца і кампаніі „Эўрапейская Беларусь“». Аксёнаў, паводле супрацоўніка Ленінскага аддзелу міліцыі Васіля Карніенкі, у будынку суду паводзіў сябе з выклікам, патрабаваў кнігу скаргаў і даваў інтэрвію.

Ля суду ён нібыта знаходзіўся ў групе грамадзян і ігнараваў ягонае патрабаваньне сысьці з пляцоўкі. Паводле міліцыянта, заклікі да грамадзян сабрацца ля суду зьявіліся ў адным з тэлеграм-каналаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты Буракоў і Лапцэвіч абвясьцілі галадоўку ў магілёўскім ізалятары. Міліцыя абвяргае

У ізалятары чакаюць судоў два журналісты, Алесь Буракоў і Ўладзімер Лапцэвіч. Яны, паводле родзічаў, абвясьцілі галадоўку. Іх таксама затрымалі непадалёк ад абласнога суду 12 траўня. Тады ж быў зьняволены і кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працэс закрылі, бо сорамна глядзець у вочы людзям». Сястра актывіста Максіма Вінярскага пра паездку ў Магілёў на суд над братам