Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты Буракоў і Лапцэвіч абвясьцілі галадоўку ў магілёўскім ізалятары. Міліцыя абвяргае


Уладзімер Лапцэвіч у судзе. Архіўнае фота.

Рэпартэраў «6 tv.by Магілёўскі рэгіён» і DW затрымалі 12 траўня, калі яны спрабавалі асьвятляць закрыты працэс над палітвязьнямі Паўлам Севярынцам і сябрамі «Эўрапейскай Беларусі».

Уладзімера Лапцэвіча з інтэрнэт-выданьня «6 tv.by Магілёўскі рэгіён» і Аляксандра Буракова, журналіста DW, зьбіраюцца судзіць нібыта за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году (ч. 3 арт. 24.23 КаАП).

Да суду затрыманыя правялі суткі ў ізалятары, пратаколы на іх складалі ў прысутнасьці адвакатаў. Лапцэвіча і Буракова затрымалі непадалёк ад Магілёўскага абласнога суду, дзе пачаўся працэс сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»: Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага Андрэя Войніча ды блогеркі Ірыны Шчаснай.

Лапцэвіч абвясьціў галадоўку ў ізалятары. Пра гэта яго родныя дазналіся ад супрацоўнікаў ІЧУ. Журналіст дапускаў такі пратэст, калі ў няволі будуць парушаць ягоныя правы. У сваякоў узялі ваду і цёплую вопратку. Калі будзе суд, пакуль невядома. Галадоўку абвясьціў і Буракоў. Пра гэта таксама паведамілі родным. Для яго прынялі цёплае адзеньне і сродкі гігіены, а ежу — не, спаслаўшыся на галадоўку.

Трапіць на працэс супраць палітвязьняў родныя абвінавачаных і журналісты не змаглі, бо судзьдзя Ірына Ланчава пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме. Міліцыянты адцясьнілі групу падтрымкі падсудных з пляцоўкі перад будынкам суду.

З журналістамі 12 траўня затрымалі рэгіянальнага каардынатара аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава, яго таксама адправілі ў ізалятар да суду.

Тым часам магілёўская міліцыя сьцьвярджае, што інфармацыя пра галадоўку Буракова і Лапцэвіча не адпавядае рэальнасьці: маўляў, яны пісьмова адмовіліся ад харчовых перадачаў сваякоў, але прымаюць ежу ў адпаведнасьці з распарадкам спэцустановы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG