Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыніць паляваньне на ведзьмаў». Адкрыты зварот журналістаў да ўладаў накіравалі ў дзяржаўныя ўстановы, пад ім 152 подпісы


Ілюстрацыйнае фота

Зварот накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Генэральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, МУС і Сьледчы камітэт.

Прадстаўнікі беларускага мэдыясэктару, незалежных СМІ і журналісцкіх арганізацый заклікалі ўлады Беларусі спыніць крымінальны перасьлед іх калег, вызваліць з-за кратаў зьняволеных журналістаў, вярнуць недзяржаўныя мэдыя ў сыстэмы друку і распаўсюду, аднавіць доступ да сайтаў і спыніць беспадстаўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў працу СМІ і журналістаў.

Зь ініцыятывай адкрытага звароту выступілі сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, дакумэнт адкрыты для падпісаньня ўсімі калегамі.

Аўтары звароту нагадалі, што 4 траўня Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджаньне газэце Intex-press з Баранавічаў за публікацыю інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай. Адначасова «Белпошта» адмовілася ўключаць газэту ў падпісны каталёг, а «Белсаюздрук» — прадаваць праз кіёскі.

З праблемамі друку і распаўсюду, ініцыяванымі ўладамі, сутыкнуліся «Народная воля», «БелГазета», «Свободные новости Плюс», «Комсомольская правда» в Беларуси«, «Новы Час», «Газета Слонімская», «Брестская газета». Большасьць зь іх прыпынілі выхад у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. Разам з тым працягваецца і перасьлед онлайн-выданьняў, напрыклад, Tut.by пазбавілі статусу СМІ.

У звароце таксама згадана, што за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца 11 журналістаў, а заканадаўства ў галіне СМІ рэзка пагаршаецца:

«Узмацніўся і ціск на журналістаў. Амаль 500 затрыманьняў і 100 арыштаў толькі за мінулы год, іх паўсядзённа перасьледуюць за выкананьне прафэсійных абавязкаў. Сёньня за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца 11 журналістаў. Трое з іх — Кацярына Андрэева (Бахвалава), Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч — ужо асуджаныя да пазбаўленьня волі толькі за тое, што займаліся звычайнай журналісцкай працай».

Падпісанты звароту патрабуюць:

  • спыніць крымінальны перасьлед журналістаў, вызваліць з-за кратаў усіх прадстаўнікоў мэдыя і іншых грамадзян, якія пазбаўленыя волі за выкананьне прафэсійных абавязкаў ці за выказваньне свайго меркаваньня;
  • вярнуць недзяржаўныя грамадзка-палітычныя мэдыя ў сыстэмы друку і распаўсюду;
  • аднавіць доступ да сайтаў незалежных мэдыя ў краіне;
  • спыніць беспадстаўнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасьць СМІ і адміністрацыйны ціск на журналістаў і мэдыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG