Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкая газэта Intex-press упершыню за 26-гадовую гісторыю ня трапіла да чытачоў


Рэдактар Intex-press Уладзімер Янукевіч
Рэдактар Intex-press Уладзімер Янукевіч

9 траўня Дом друку скасаваў дамову з рэдакцыяй у аднабаковым парадку. Газэта трапіла пад прэсінг уладаў пасьля публікацыі інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай.

Ад продажу Intex-press адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі Баранавічаў, на выдавецкі дом Intex-press былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы, прызначаны штрафы і распачатая праверка ў сувязі з магчымым крымінальным перасьледам.

«Гэта сыстэмнае рашэньне пра зачыстку непадкантрольнага СМІ, якое рызыкуе бараніць права людзей на свабоду думак, свабоду іх выказваньня і распаўсюджваньня», — напісаў 12 траўня ў сваім звароце рэдактар газэты Уладзімер Янукевіч.

Ён заклікаў чытачоў купляць газэту ў электронным варыянце, а прадпрымальнікаў — сьмялей рэклямавацца на сайце і ў сацыяльных сетках газэты.

  • Хроніка перасьледу газэты Intex-press

  • 14 красавіка Intex-press апублікавала інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай. На наступны дзень Уладзімер Янукевіч быў выкліканы ў пракуратуру на сустрэчу з баранавіцкім міжраённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Той паведамляе, што галоўнаму рэдактару Intex-press вынесена папярэджаньне: на думку пракуратуры, апублікаваўшы інтэрвію зь Ціханоўскай, выданьне парушыла патрабаваньне Закону «Аб СМІ» аб недапушчальнасьці распаўсюду інфармацыі, «накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасьцi або якая зьмяшчае заклікі да такой дзейнасьці, гвалту і жорсткасьці, іншай інфармацыі, распаўсюджаньне якой здольнае нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забаронена заканадаўствам краіны». Дзе менавіта ў інтэрвію ўсё гэта ўгледзелі, Янукевічу не патлумачылі.
  • 26 красавіка суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы ў асобе судзьдзі Мікалая Кміты прызнае Ўладзіміра Янукевіча вінаватым у распаўсюдзе ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, незарэгістраванага ў якасьці сеткавага выданьня, інфармацыі, распаўсюджаньне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі, і прызначае яму максымальнае пакараньне — 20 базавых велічыняў штрафу (580 рублёў).
  • 28 красавіка рэдакцыя газэты атрымлівае ліст ад РУП «Белпошта» аб тым, што газэта ня будзе ўключаная ў падпісны каталёг на другое паўгодзьдзе 2021 году.
  • «Белсаюздрук» і гандлёвыя сеткі таксама не захацелі больш распаўсюджваць газэту Intex-press.
  • 30 красавіка інтэрнэтная і газэтная вэрсіі інтэрвію зь Ціханоўскай ўключаныя ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
  • 5 траўня рэдакцыя атрымлівае пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі. У дакумэнце, які даслалі па электроннай пошце, гаворыцца, што рашэньнем суду Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газэце 14 красавіка, прызналі экстрэмісцкім, у сувязі з гэтым Мінінфарм «папярэджвае юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газэты ”Intex-press”, ТАА „Выдавецкі дом Intex-press”, аб недапушчальнасьці парушэньня патрабаваньняў артыкулу 38 Закону аб СМІ» і паведамляе, што «дапушчаныя парушэньні неабходна ліквідаваць» і паведаміць пра гэта да 14 траўня.
  • 5 траўня эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да «Выдавецкага дому Intex-press» за распаўсюд СМІ інфармацыі, распаўсюджаньне якой забароненае. Суд прызнаў «Выдавецкі дом Intex-press» вінаватым у распаўсюдзе СМІ інфармацыі, распаўсюджаньне якой забаронена, і прызначыў штраф 150 базавых велічынь (4350 рублёў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG