Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс супраць Севярынца і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» пачаўся з затрыманьня журналістаў. Родных у судовую залю не пусьцілі. ВІДЭА

абноўлена

Максім Вінярскі, Сяргей Казлоў, Яўген Афнагель, Андрэй Войніч, Павал Севярынец, Павал Юхневіч, Ірына Шчасная.

Разам на лаве падсудных 7 палітвязьняў: Максім Вінярскі, Дзьмітры Казлоў, Андрэй Войніч, Павал Севярынец, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Ірына Шчасная.

Разгляд крымінальнай справы сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, грамадзкай актывісткі Ірыны Шчаснай, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча праходзіць у закрытым рэжыме.

Гэта пацьвердзілі ў Магілёўскім абласным судзе. У судзе заяўляюць, што справу пастанавілі разглядаць на закрытым пасяджэньні, бо матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам.

Расклад закрытага судовага паседжаньня над палітвязьнямі Яўгенам Афнагелем, Паўлам Севярынцам, Ірынай Шчаснай, Андрусём Войнічам, Дзьмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім. Магілёў, 12 траўня 2021 году.
Расклад закрытага судовага паседжаньня над палітвязьнямі Яўгенам Афнагелем, Паўлам Севярынцам, Ірынай Шчаснай, Андрусём Войнічам, Дзьмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім. Магілёў, 12 траўня 2021 году.

Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча зь мясцовага інтэрнэт-выданьня «Рэгіянальны Магілёў» затрымалі, калі яны ўжо сыйшлі з пляцоўкі перад будынкам Магілёўскага абласнога суду. Гэтага запатрабавалі супрацоўнікі міліцыі ад тых хто спадзяваўся трапіць на працэс.

Дамагчыся прысутнасьці на працэсе спрабавалі жонка, маці, сястра Паўла Севярынца, але гэтага ім не ўдалося. Вольга Севярынец, выйшаўшы з судовага будынку, паведаміла журналістам, што яны пастаялі ля дзьвярэй залі, дзе праходзіў працэс, на адлегласьці пяці мэтраў.

«Мы думалі, што зойдзем хаця б на пару хвілінаў, пакуль не абвесьцяць, што закрыты працэс, — кажа яна. — Нам, родным, гэтага было б дастаткова, каб іх толькі пабачыць. На большае мы не разьлічваем».

Суд пачаўся ў 10.30. Да гэтага часу ў будынку было блізу дзясятка супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго на паркоўцы ля яго стаялі мікрааўтобусы з сілавікамі.

Людзі напярэдадні суду
Людзі напярэдадні суду
Маці Паўла Севярынца Тацяна (у цэнтры)
Маці Паўла Севярынца Тацяна (у цэнтры)
Магілёўскі абласны суд
Магілёўскі абласны суд

Усе абвінавачаныя прызнаныя праваабаронцамі палітвязьнямі.

Крымінальную справу разглядае судзьдзя Ірына Ланчава. Забясьпечваць парадак у судзе прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Яны сочаць за сытуацыяй і на пляцоўцы перад судом. Пачатак працэсу заплянаваны ў 10:30.

Суд над сямю палітычнымі вязьнямі ў Магілёве. Ганна Севярынец (крайняя зьлева), Вольга Севярынец (у цэнтры)
Суд над сямю палітычнымі вязьнямі ў Магілёве. Ганна Севярынец (крайняя зьлева), Вольга Севярынец (у цэнтры)

«Крымінальная справа будзе разглядацца на закрытым судовым пасяджэньні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам», — паведаміла раней супрацоўніца абласнога суду карэспандэнту БелаПАН.

Каго судзяць?

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.

21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньні ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.

Андрэя Войніча, Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасня. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачаньне — па ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці).

Пра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня. Паводле дадзеных праваабаронцаў, яму таксама выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Блогер YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітры Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 дзён. Меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней стала вядома, што на Казлова завялі справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Грамадзкага актывіста Паўла Юхневіча абвінавачваюць па ч.2 арт.293 КК (удзел у масавых беспарадках). 25 верасьня 2020 году Паўла затрымалі разам яшчэ з трыма актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» — Ягорам Літвінкам, Анастасіяй Кірык і Андрэем Войнічам. Спачатку трымалі ў СІЗА № 1 у Менску, пасьля перавялі ў турму № 4 у Магілёве.

Усе шэсць абвінавачваных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG