Ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідэра. Роўна год таму Ціханоўская падала дакумэнты ў ЦВК. ФОТА

Усяго год таму амаль ніхто ня ведаў, як яна выглядае. Свабода сабрала раней не публікаваныя фота з прэзыдэнцкай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай.

Упершыню перад фатакамэрамі Сьвятлана Ціханоўская зьявілася раніцай 15 траўня, калі прыйшла падаваць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. За дзень да гэтага ЦВК адмовіўся прымаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яе мужа Сяргея Ціханоўскага. Ён у гэтыя дні знаходзіўся на «сутках».

Першае фота Сьвятланы Ціханоўскай падчас яе выбарчай кампаніі. 15 траўня 2020

«Я даведаўся, калі пазваніў ёй, выйшаўшы з ізалятару, — расказваў Сяргей Ціханоўскі пазьней у інтэрвію Свабодзе. — Ажно прысеў. Думаў, што гэта мо падказаў ёй нехта з нашых актывістаў. Але яна сама, як высьветлілася, так вырашыла».

15 траўня ля ЦВК Сьвятлана Ціханоўская зьявілася адна і размаўляць з журналістамі адмовілася, спаслаўшыся на занятасьць. Дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы яна падала за гадзіну да завяршэньня тэрміну падачы.

Сьвятлана Ціханоўская адыходзіць ад будынку ЦВК, 20 траўня 2020 году

Ініцыятыўная група па вылучэньні Сьвятланы Ціханоўскай была зарэгістраваная 19 траўня. Ля ЦВК будучая кандыдатка ў прэзыдэнты зьявілася разам з паплечнікамі, выступіла зь невялікай прамовай, падчас якой заявіла, што «марыла аб прэзыдэнцкай пасадзе ўсё жыцьцё».

Сьвятлана Ціханоўская ля ЦВК 19 траўня 2020 году

Збор подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай пачаўся адразу пасьля рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы. У першыя тыдні кампаніяй кіраваў Сяргей Ціханоўскі. Сьвятлана па-ранейшаму не зьяўлялася на публіцы і адмаўлялася ад камэнтароў журналістам. 29 траўня на выбарчым пікеце ў Горадні Сяргея затрымалі. Ён дагэтуль знаходзіцца кратамі.

Сяргей Ціханоўскі на выбарчым пікеце Сьвятланы ў Горадні за некалькі гадзінаў да затрыманьня. 29 траўня 2020

14 ліпеня 2020 году Сьвятлану Ціханоўскую зарэгістравалі ў якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі. Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу ў рэгістрацыі было адмоўлена. Праз два дні ў штабе Бабарыкі адбылася прэс-канфэрэнцыя аб’яднанага штабу, на якой Марыя Калесьнікава паведаміла аб пачатку супольнай выбарчай кампаніі.

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на агульнай прэс-канфэрэнцыі 17 ліпеня 2020 году

Адразу пасьля аб’яднаньня выбарчых штабоў пачаліся паездкі Сьвятланы Ціханоўскай па Беларусі. Яна наведала ўсе абласныя цэнтры, а таксама буйнейшыя раённыя. Самым масавым стаў перадвыбарны мітынг на плошчы Бангалор у Менску 30 ліпеня 2020 году, куды прыйшло каля 60 тысяч чалавек. Наступны мітынг аб’яднанага штабу на Бангалор улады ўжо не дазволілі, правёўшы там у прызначаны тэрмін сьвята з нагоды Дня чыгуначных войскаў, якія не існуюць у Беларусі з 2006 году.

Ціханоўская, Цапкала і Калесьнікава падчас мітынгу на плошчы Бангалор у Менску. 30 ліпеня 2020

На перадвыбарным мітынгу ў Слоніме. 1 жніўня 2020

Сустрэча з выбарнікамі ў Маладэчне. 31 ліпеня 2020

Перадвыбарныя мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай праходзілі бяз бачных праблем. Але ў некаторых гарадах улады адмовілі ў правядзеньні сустрэч у апошні момант. Так адбылося ў Салігорску, Пінску, Слуцку і шэрагу іншых месцаў. Найбуйнейшыя выбарчыя мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай па-за Менскам прайшлі ў Горадні і Берасьці. Там на сустрэчу з кандыдаткай у прэзыдэнты прыйшло каля 20 тысяч чалавек.

На перадвыбарным мітынгу ў Баранавічах. 2 жніўня 2020

Па дарозе з Горадні ў Ваўкавыск. 1 жніўня 2020

На запраўцы ля Ваўкавыску. 1 жніўня 2020

Выбарчая кампанія Сьвятланы Ціханоўскай суправаджалася рэпрэсіямі супраць сяброў яе ініцыятыўнай групы. Сяргей Ціханоўскі быў прызнаны палітвязьнем яшчэ ў канцы чэрвеня. У перапынках паміж мітынгамі Ціханоўская прыяжджала на суды і да месцаў утрыманьня сваіх паплечнікаў за кратамі. Дзеці Ціханоўскіх выехалі ў Літву.

Ля будынку суду Маскоўскага раёну Менску. 9 ліпеня 2020

Ля будынку ДАІ ў Менску. 27 ліпеня 2020

Ціханоўская ля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. 27 ліпеня 2020

Асноўны дзень галасаваньня праходзіў 9 жніўня 2020 году. Напярэдадні зь Беларусі зьехала Вераніка Цапкала. Штаб Сьвятланы Ціханоўскай атрымліваў паведамленьні аб магчымасьці затрыманьня Сьвятланы. У апошнюю ноч перад асноўным днём галасаваньня яна выехала са сваёй кватэры.

Сьвятлана Ціханоўская ля пад’езду свайго дому ў Менску 8 жніўня 2020 году

Галасаваньне на выбарчым участку 9 жніўня 2020

Дзень 9 жніўня Сьвятлана Ціханоўская амаль цалкам правяла ў памяшканьні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, куды прыехала адразу пасьля галасаваньня. Яна не выходзіла да журналістаў і ніяк не камэнтавала навінаў з выбарчых участкаў. Яе першая пасьлявыбарная прэс-канфэрэнцыя была прызначаная на 22:00.

Разам з Марыяй Калесьнікавай і актывістамі выбарчага штабу ў першыя хвіліны пасьля завяршэньня галасаваньня. 9 жніўня 2020

Першая прэс-канфэрэнцыя Сьвятланы Ціханоўскай пасьля заканчэньня выбараў 9 жніўня. І адзін з апошніх яе здымкаў, зроблены ў Беларусі

Увечары 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская разам з адвакатам Максімам Знакам зайшла ў будынак ЦВК на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каб падаць скаргу на афіцыйныя вынікі выбараў. З ЦВК Максім Знак выйшаў ужо адзін, Сьвятлана вымушана выехала зь Беларусі ў Літву ўначы разам з паплечніцай Марыяй Мароз і ейнымі дзецьмі.

14 жніўня 2020 году з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай была створаная Каардынацыйная рада. Сама Сьвятлана праводзіць сустрэчы зь лідэрамі эўрапейскіх краін і патрабуе вызваленьня палітвязьняў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе яе мужа Сяргея павінен пачацца ў чэрвені 2021-га. Яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не баюся». Што сказала ў вялікім інтэрвію Свабодзе ў жніўні Марыя Калесьнікава, у якой сёньня дзень народзінаў за кратамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас важна, што мы побач зь Беларусьсю». Валер і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская

  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам