Упершыню ўжыты прысуд па палітычных матывах зь непрымяненьнем пакараньня

Алег Корбан

Суд вырашыў не прыводзіць у выкананьне прызначанае пакараньне лідэру грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў, калі цягам году ён ня ўчыніць іншае злачынства.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэта першы выпадак асуджэньня з умоўным непрымяненьнем пакараньня па палітычных матывах за час з пачатку выбарчай кампаніі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» цытуе пастанову Маскоўскага Суду Менску ў дачыненьні да Алега Корбана (ён пазначаны ініцыялам К.):

«Прысудам суда абвінавачаны К. (Корбан) прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэньня працы транспарту і прадпрыемстваў, пры адсутнасьці прыкметаў больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК яму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

Ён жа прызнаны вінаватым у іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 2 арт. 342 КК яму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У грамадзка-палітычным жыцьці ўдзельнічаць ня буду. Гэта маё рашэньне». Алег Корбан выйшаў з-за кратаў пасьля закрытага суду

Паводле арт. 71 КК пры паўторнасьці злачынстваў, якія не ўтвараюць сукупнасьці, шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім, канчаткова прызначана абвінавачанаму К. пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў.

Паводле арт. 78 КК судом пастаноўлена не прыводзіць у выкананьне прызначанае пакараньне, калі на працягу аднаго года выпрабавальнага тэрміну абвінавачаны К. ня зробіць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі. Прысуд не абскарджаны, не апратэставаны і ўступіў у законную сілу».


Сайт «Вясны» нагадвае, што Алег Корбан быў затрыманы пасьля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасьля яго заканчэньня перавялі ў СІЗА-1.

Увечары 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Цуд адбыўся, сёньня мяне выпусьцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежаваньня волі. Падрабязнасьці будуць пазьней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся закрыты суд над лідэрам арганізацыі «Альтэрнатыва» палітвязьнем Алегам Корбанам