Суд у Расеі адмовіўся прызнаць незаконным уключэньне пскоўскай журналісткі ў рэестр замежных агентаў

Людміла Савіцкая

Пскоўскі гарадзкі суд прызнаў законным рашэньне міністэрства юстыцыі Расеі аб уключэньні пскоўскай журналісткі Людмілы Савіцкай ў рэестр СМІ — замежных агентаў.

На пасяджэньні высьветлілася, што яна ўключаная ў сьпіс за артыкулы пра актывістаў, катаваньні ў калёніі і глушэньне сувязі побач з турмамі ў Пскоўскай вобласьці. Пры гэтым на судзе не ўдалося высьветліць, агентам якой краіны яе лічыць расейская дзяржава.

Савіцкая, якая супрацоўнічае з Радыё Свабода і рэдакцыяй Север. Реалии, была прызнана СМІ — замежным агентам у сьнежні летась. Журналістка і яе абарона патрабавалі прызнаць незаконным гэтае рашэньне і выключыць яе з рэестру. Яе знаходжаньне там, у прыватнасьці, вымушае яе весьці пэрсанальную фінансавую справаздачнасьць перад дзяржавай і паказваць свой статус у сацыяльных сетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі прызналі замежнымі агентамі першых 5 чалавек

На пасяджэньні бок Савіцкай беспасьпяхова спрабаваў дамагчыся ў прадстаўніка міністэрства замежных спраў інфармацыі пра тое, агентам якой краіны яе лічыць дзяржава, перадае «Коммерсант». Многія дакумэнты з МЗС, пракуратуры і шэрагу іншых ведамстваў былі прысланыя ў суд пад грыфам «для службовага карыстаньня», з прычыны чаго зь імі не змагла азнаёміцца сама журналістка і яе адвакаты. Суду ў якасьці доказу яе іншаагенцкай дзейнасьці таксама былі прадстаўленыя яе матэрыялы, у якіх яна апісвала падзеі ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы расейскі закон пра «замежных агентаў» пагражае бясьпецы журналістаў, — прэзыдэнт РСЭ/РС

«Сёньня ніводны са зьвязаных зь дзяржавай СМІ не інфармуе аб сапраўдных праблемах народу. А Радыё Свабода — піша. Мяне зрабілі замежным агентам за тое, што я крычу на ўсю краіну пра несправядлівасьць, пра людзей, якім не даюць жыць. Але ўсе павінны ведаць: сапраўдныя замежныя агенты сёньня сядзяць у Крамлі і Дзярждуме, бо яны супраць расейцаў і шчасьлівай Расеі будучага, а я — за», — цытуе рэдакцыя Север. Реалии Савіцкую.

Яе адвакат паведаміў ТАСС, што мае намер абскардзіць сёньняшняе рашэньне ва ўсіх інстанцыях, у тым ліку Эўрапейскім судзе правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон, які дазваляе прызнаваць грамадзян «замежнымі агентамі»