Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы расейскі закон пра «замежных агентаў» пагражае бясьпецы журналістаў, — прэзыдэнт РСЭ/РС


Новы расейскі закон пра «замежных агентаў» узмацняе ціск на сотні журналістаў, якія супрацоўнічаюць з расейскай службай Радыё Свабода і іншымі праектамі мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэзыдэнта PCЭ/PC Джэймі Флая. Закон накіраваны супраць працы карэспандэнтаў і ставіць пад пагрозу іх бясьпеку, падкрэсьлівае Флай.

Радыё Свабода мае бюро ў Маскве і супрацоўнічае з карэспандэнтамі з многіх рэгіёнаў Расеі, каб асьвятляць мясцовыя навіны. У апошнія гады расейская служба адкрыла новыя праекты — сайты «Север.Реалии» і «Сибирь.Реалии» — для публікацыі матэрыялаў пра жыцьцё паўночных і сыбірскіх абласьцей Расейскай Фэдэрацыі. Рэгіянальныя карэспандэнты Радыё Свабода часта паведамляюць пра важныя праблемы, якія ігнаруюць дзяржаўныя СМІ, гаворыцца ў паведамленьні. Новы закон — гэта спроба прымусіць замаўчаць шматлікіх журналістаў і пазбавіць чытачоў права на атрыманьне інфармацыі зь любых крыніц, адзначае Флай.

2 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон пра пашырэньне сьпісу сродкаў масавай інфармацыі, якія могуць быць прызнаныя замежнымі агентамі. Закон прадугледжвае, што «замежнымі агентамі» могуць быць прызнаныя фізычныя асобы, якія распаўсюджваюць матэрыялы СМІ — «замежных агентаў» або ўдзельнічаюць у іх стварэньні, а таксама атрымліваюць грошы або маёмасьць ад замежных арганізацый і кампаній. Радыё Свабода тады заявіла, што працягне сваю працу ў Расеі ў любых абставінах.

У канцы лістапада дзесяць міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, у ліку якіх Amnesty International, Human Rights Watch, «Рэпартэры бязь межаў» і Камітэт абароны журналістаў, заклікалі ўлады Расеі адмовіцца ад прыняцьця паправак да закону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG