«Вялікая сямёрка» заклікала ўлады Беларусі правесьці выбары і вызваліць несправядліва зьняволеных

Саміт G7 у Лёндане

Краіны Вялікай сямёркі (G7) заклікаюць улады Беларусі правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары пад міжнародным назіраньнем і вызваліць усіх людзей, якія несправядліва знаходзяцца ў зьняволеньні.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным выніковым камюніке, прынятым на саміце міністраў замежных спраў краінаў G7 у Лёндане.

«Мы заклікаем рэжым правесьці новыя, свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраньнем. Мы адданыя падтрымцы дэмакратычных памкненьняў беларускага народу і прыцягненьню да адказнасьці асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека», — цытуе дакумэнт ТАСС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сярод тэмаў абмеркаваньня кіраўнікоў МЗС «вялікай сямёркі»

Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў G7 заклікалі таксама вызваліць усіх, хто быў несправядліва зьняволены за выказваньне сваіх дэмакратычных памкненьняў, а таксама пакласьці канец парушэньням правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў.

Кіраўніцтву Беларусі рэкамэндавана ажыцьцявіць рэкамэндацыі незалежнай экспэртнай місіі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), якая выступіла за новыя прэзыдэнцкія выбары.

«Мы глыбока заклапочаныя палітычным крызісам, а таксама крызісам у галіне правоў чалавека, якія адбыліся пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году», — адзначаецца ў камюніке.

Удзельнікі саміту таксама заклікалі Менск «уступіць у зьмястоўны дыялёг з усімі часткамі грамадзтва, у тым ліку сапраўднымі лідэрамі апазыцыі, і прыняць прапанову старшыні АБСЭ аб пасярэдніцтве для выхаду з палітычнага крызісу».

У G7 уваходзяць Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу адказаў, чаму перанесьлі разгляд 4-га пакету санкцый супраць беларускіх уладаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі: «за» і «супраць». Дыскусія экспэртаў