Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу адказаў, чаму перанесьлі разгляд 4-га пакету санкцый супраць беларускіх уладаў


Прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы Эўрапейскага Зьвязу Пэтэр Стана.
Прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы Эўрапейскага Зьвязу Пэтэр Стана.

Вакол чацьвёртага пакету санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў працягваюцца дыскусіі, паведаміў прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы Эўрапейскага Зьвязу Пэтэр Стана парталу Tut.by.

Напярэдадні стала вядома, што чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць кіраўніцтва Беларусі ня будзе гатовы да саміту Рады Эўразьвязу ў замежных справах 10 траўня.

Прычына ў тым, што паміж краінамі — сябрамі Эўразьвязу працягваюцца дыскусіі вакол таго, хто павінен быць у санкцыйным сьпісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі. І пэўнага тэрміну, да якога санкцыі мусяць абʼявіць ці прыняць, няма, паведаміў Пэтэр Стана.

«Дазвольце мне, найперш, падкрэсьліць, што Эўразьвяз цьвёрда стаіць на баку народу Беларусі. Акурат таму мы ня мірымся зь няспыннымі рэпрэсіямі і парушэньнямі асноўных свабодаў і правоў грамадзян краіны.

Санкцыі будуць падрыхтаваныя і канчаткова зацьверджаныя пасьля таго, як завершацца дыскусіі паміж краінамі-сябрамі ЭЗ, і ўсе краіны-сябры пагодзяцца зь іхным маштабам і ўсімі, хто павінен быць пакараны санкцыямі, а таксама пасьля завяршэньня ўсіх неабходных працэдур.

Гэта працэс, які ня мае загадзя ўстаноўленай даты і заўжды займае пэўны час, бо ўсе сьпісы (як і рашэньні пра санкцыі ў дачыненьні да канкрэтных людзей ці арганізацый) павінны мець надзейнае юрыдычнае абгрунтаваньне, падмацаванае адпаведнымі доказамі, і аднагалосную згоду наконт іх усіх 27 дзяржаў-сябраў ЭЗ.

Мы спадзяёмся, што гэты працэс будзе завершаны ў найбліжэйшы час», — сказаў Пэтэр Стана.

Ён падкрэсьліў, што Эўразьвяз заклікае ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і ўключыцца ў інклюзіўны агульнанацыянальны дыялёг для пошуку выхаду зь цяперашняга крызісу, каб правы народу былі выкананыя, а ягоны голас і выбар адносна кіраўніцтва краінай быў пачуты.

Пра тое, што Эўразьвяз працуе над падрыхтоўкай чацьвёртага пакету санкцый у дачыненьні да Беларусі, заявіў 20 красавіка прадстаўнік Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў Люк Дэйвін.

  • Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
  • Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.
  • Адметнасьцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
  • Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
  • Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.
  • Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG