Ён пералічыў дэталі, якія сьведчаць пра яе пастановачнасьць, і расказаў, якімі мэтадамі ў 2011-м у СІЗА КДБ яго прымушалі супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі.
Палітык стаў адным зь фігурантаў справы «Аб масавых беспарадках» 2010 году. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым, хто заявіў пра катаваньні ў турэмных засьценках. Выйшаўшы пад падпіску аб нявыезьдзе, ён пакінуў Беларусь і эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. У верасьні 2015 году вярнуўся на радзіму.
Крымінальная справа аб тагачасных падзеях на Алеся Міхалевіча была прыпыненая, але не закрытая. Летась яе маглі спыніць праз тэрмін даўнасьці. Алесь Міхалевіч з гэтай нагоды зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт, але там адказалі, што справу спыняць не зьбіраюцца.
Як у СІЗА КДБ выбівалі паказаньні зь Міхалевіча
- У беларускіх СІЗА шырока прымяняюцца катаваньні, прымус і іншыя мэтады. Па такіх артыкулах, нават пры затрыманьні, прымяняліся розныя мэтады, людзей білі.
- У маім выпадку першыя два-тры тыдні ціснулі псыхалягічна. Пазьней пачаўся агульны фізычны ціск. Напрыклад, шмат разоў на дзень вобшукі, голыя пастраеньні ўсёй камэры, складаньне фігурак зь людзей, стаяньне гадзінамі бяз вопраткі фактычна ў шпагатнай позе. У маім выпадку гэта скончылася тым, што мяне проста вывалаклі з камэры, заламалі рукі з крыкамі: «Ты будзе супрацоўнічаць ці не?» Абсалютная большасьць людзей не гатовыя ўспрымаць проста банальнае пабіцьцё і трываць яго бясконца. Я, натуральна, пачаў крычаць, што так, буду. І літаральна праз паўгадзіны як быццам зусім іншыя людзі мяне запрашаюць на размову ў будынак КДБ. І як быццам гэта ўжо ня тыя апэратыўныя супрацоўнікі. Яны пачынаюць з табой размову, але, безумоўна, цудоўна ведаюць, што ты ўжо будзеш зь імі адкрыты, каб весьці размову.
- Першыя тыдні я адмаўляўся даваць паказаньні або даваў мінімальныя паказаньні — пра сваё імя, прозьвішча і месца жыхарства. А ўжо пасьля прымяненьня грубай фізычнай сілы, пабіцьця, натуральна, я пачаў даваць паказаньні пад пратакол. На шчасьце, я нічога ня ведаў ні пра якія падрыхтоўкі масавых беспарадкаў, пра што, уласна, і гаварыў. Але была і вялікая колькасьць непратакольных размоваў з апэратыўнымі супрацоўнікамі. І гэта асноўнае, што ёсьць.
- У маім выпадку нават аповед пра ўмовы ўтрыманьня ў КДБ лічыўся разгалошваньнем крымінальнай справы. Без катаваньняў гэтай справы проста не было б.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Начныя допыты, дзіўныя кроплі, схаваная камэра. «Пасыльная» Макара расказала, як «апрацоўваюць» вязьняў у турме КДБШто значыць заява КДБ, што фігуранты справы «аб дзяржперавароце» пачалі даваць прызнальныя паказаньні
- Мяне зьдзіўляе, што журналісты, у тым ліку і Радыё Свабода, сур’ёзна абмяркоўваюць тое, што заявіў КДБ. Пра мяне КДБ афіцыйна сказаў, што яны ніколі мяне не вэрбавалі. КДБ — гэта структура (як і ў прынцыпе дзяржаўная прапаганда), якая хлусіць увесь час. І ўсё, што яны кажуць, нельга ні ў якім разе ўспрымаць сур’ёзна.
- Усё, што сказана ў КДБ, сказана пад катаваньнямі, пасьля зьдзекаў. Усё гэта трэба дзяліць на дзесяць і дваццаць. Гэта ўсё можа быць у чыстым выглядзе хлусьнёй і здабыта спэцмэтадамі.
- Калі б Юрась Зянковіч ўжо даваў прызнальныя паказаньні і быў цалкам зламаны, думаю, што на сёньняшні момант мы б пабачылі шмат што па тэлевізіі. Бо яны даволі хутка, праз 3-4 дні, выкладаюць здымкі ў відэаэфір.
- Мы павінны памятаць, што ў Юрася Зянковіча ў закладніках знаходзіцца ягоная супрацоўніца — Вольга Галубовіч. Яна зьяўляецца чацьвёртай арыштаванай. І гэта проста супрацоўніца ягонага юрыдычнага офісу ў Менску. Фактычна, адзін з асноўных мэтадаў для таго, каб прымусіць даць прызнальныя паказаньні — гэта шантаж жыцьцём, бясьпекай блізкімі, за якіх ты нясеш адказнасьць.
- Для мяне відавочна, што гэтая справа ад самага пачатку распрацоўвалася і рыхтавалася. Я зьдзівіўся, калі КДБ адразу заявіла, што іх чакае да 12 гадоў турмы. Калі б гэта быў сапраўдны замах, з сапраўднымі падрыхтоўкамі і з чымсьці вельмі сур’ёзным, яны б адназначна апэравалі найвышэйшай мерай пакараньня. Ад пачатку, я думаю, гэта рыхтавалася як карцінка для беларускай тэлевізіі для таго, каб запалохаць беларускае грамадзтва. А таксама паказаць, што Лукашэнка такі важны, што ажно нешта рыхтуецца супраць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пра дзяржаўны пераварот і дзяцей у склепе. Нестыкоўкі ў афіцыйных вэрсіяхЦі законна Фядуту і Зянковіча вывозілі з Масквы ў Беларусь
- Гэтых людзей пасадзілі ў машыны, і беларускія спэцслужбы вывезьлі іх у Беларусь. З гледзішча міжнароднага права, а таксама дамоваў Беларусі і Расеі, гэта дзьве сувэрэнныя дзяржавы. І выдача людзей з адной дзяржавы ў другую можа адбывацца толькі праз экстрадыцыйны працэс. Ён уключае ў сябе пракурорскую праверку, пасьля судовае паседжаньне, потым магчымасьць абскарджаньня. Гэты працэс мінімальна ня можа доўжыцца менш за некалькі тыдняў. У выпадку зь Зянковічам і Фядутам гэта адбылося за лічаныя гадзіны.
- Мы, безумоўна, зробім яшчэ запыт у Расею і паспрабуем атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне таго, што ўсё было зроблена неправавымі мэханізмамі.
- Таксама выклікае пытаньне, хто затрымліваў гэтых людзей. Ці гэта расейская ФСБ, ці беларускія спэцслужбы настолькі вольна адчуваюць сябе на тэрыторыі сталіцы суседняй дзяржавы, што могуць сабе дазволіць такія затрыманьні асабіста, а не праз расейскіх калегаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Апэрацыяй «пераварот» Масква дэманструе, што кар’ера і жыцьцё Лукашэнкі залежаць ад волі Крамля, — палітолягЦі можа абараніць Зянковіча амэрыканскі пашпарт
- З пункту гледжаньня беларускага закону Юрась Зянковіч зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У мяне выклікае вялікае зьдзіўленьне, калі Лукашэнка крычыць, што той грамадзянін ЗША. Беларускі закон не забараняе мець двайнога грамадзянства; ён гаворыць, што Беларусь не прызнае двайнога грамадзянства. Гэта значыць, што ў адносінах зь беларускімі органам улады Юрась Зянковіч мусіць трактавацца як грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
- Беларусь, дарэчы, цалкам легальна можа не дапускаць да яго амэрыканскага консула і не даваць яму атрымліваць дапамогу ад ЗША. Бо Беларусь трактуе яго як свайго грамадзяніна.
- Безумоўна, ЗША будуць сачыць за сваім грамадзянінам, таму што гэта абавязак дзяржавы — абараняць сваіх грамадзян. Гэтаксама як Швайцарыя сочыць за сваёй грамадзянкай, якая знаходзіцца ў беларускай турме. Гэта нармальна, што дзяржавы клапоцяцца пра сваіх грамадзян. На жаль, гэтага вельмі часта ня робяць такія краіны, як Беларусь, Расея і іншыя.