Палітвязень Віктар Панцялееў узяў шлюб у берасьцейскім СІЗА. ФОТА

Пасьля рэгістрацыі шлюбу

Ён расстаўся зь дзяўчынай у траўні 2020-га, але, калі ў жніўні трапіў за краты, стасункі аднавіліся.

27 красавіка ў Берасьці ў СІЗА палітвязень Віктар Панцялееў пабраўся шлюбам з каханай дзяўчынай Яўгеніяй. Як піша «Брестская газета», акрамя жаніха і нявесты, на незвычайнай цырымоніі прысутнічалі толькі рэгістратар і наглядчык.

Віктар і Яўгенія сустракаліся чатыры гады. У траўні 2020 яны разьвіталіся, а ўжо ў жніўні мінулага году Панцялееў трапіў за краты праз абвінавачаньне ва ўдзеле ў «масавых беспарадках». Яўгенія напісала яму ў СІЗА, ён адказаў, іх адносіны аднавіліся, а неўзабаве яны вырашылі пабрацца шлюбам.

Каля будынка СІЗА дзяўчыну віншавалі сваякі, сябры і нават незнаёмыя людзі. Яўгенія паведаміла, што Віктар на рэгістрацыі «вельмі хваляваўся, перажываў».

Яўгенія, якая выйшла замуж за палітвязьня Віктара Панцялеева

«Усё прайшло добра. Эмоцыі, вядома, праз край. Мне здаецца, зь мяне ўпаў нейкі груз», — кажа дзяўчына.

Гэта ня першы выпадак, калі дзяўчаты бяруць шлюб з палітвязьнямі. У сакавіку ў СІЗА Берасьця расьпісаліся Тацяна і Сьвятаслаў Герасімукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выжыць, трэба захоўваць добры настрой». Палітвязень з Магілёва — пра першы месяц «хіміі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Берасьці закрыў «Польскую школу», дырэктарку якой зьняволілі ў справе аб вечарыне памяці «праклятых жаўнераў»