Суды ў Магілёве і Горадні прызналі шэраг мясцовых тэлеграм-каналаў экстрэмісцкімі

Ілюстрацыйнае фота

Суды пашыраюць сьпіс тэлеграм-каналаў, якія забараняецца цытаваць.

Пасьля нядаўняга рашэньня суду ў Магілёве пастанову аб прызнаньні аднаго з каналаў экстрэмісцкім выдаў і горадзенскі суд.

Сайт Генэральнай пракуратуры паведаміў аб прызнаньні тэлеграм-каналу «Гродна 97%» экстрэмісцкім. Гэта зроблена на падставе патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму».

Пракурор Горадні даслаў матэрыялы ў суд Ленінскага раёну гораду. Той выдаў пастанову аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі каналу зь лягатыпам «Гродна 97%» экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэньне ўступіла ў сілу неадкладна.

Копію рашэньня суду накіравалі ў Міністэрства інфармацыі, якое мае ўключыць канал у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першым і другім чытаньні. Палата прадстаўнікоў прыняла «рэпрэсіўныя законапраекты»

На мінулым тыдні іншы суд, таксама Ленінскага раёну, але ў Магілёве, дадаў у сьпіс «забароненых» тэлеграм-каналы «Магілёў 97%», «Бабруйск 97%», «Асіповічы для жыцьця» і «Бульвар Няскораных».

За публікацыю ці рэпост інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, якія трапілі ў «экстрэмісцкі сьпіс», прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць і пакараньне ажно да арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дайшлі да «Бульвара Няскораных». Яшчэ некалькі каналаў і чатаў у Telegram прызналі «экстрэмісцкімі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм унёс кнігу «Белорусский Донбасс» у сьпіс экстрэмісцкіх. Але за яе набыцьцё ўжо каралі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў яшчэ аднаго адміністратара дваровага чату. Завялі справу за «экстрэмісцкае фармаваньне»