СБУ выйшла на групу «беларускіх праваахоўнікаў», якія вэрбавалі ўкраінцаў для дывэрсій супраць Украіны

Памежны пераход на мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю Ўкраіны.

Сьледчыя ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці выйшлі на групу грамадзян Беларусі, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія вэрбавалі ўкраінцаў для збору інфармацыі пра дзяржаўныя сакрэты Ўкраіны.

Выкрыцьцё адбылося ў часе расьсьледаваньня справы, якую завялі ў кастрычніку 2019 году ў дачыненьні да супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі. Гэты беларус у званьні падпалкоўніка, паводле сьледчых, «чыніў перашкоды законнай дзейнасьці Ўзброеных сілаў Украіны і іншых вайсковых фармаваньняў у асаблівы пэрыяд».

Расьсьледаваньне гэтай справы пачалі пасьля звароту аднаго ўкраінца ў СБУ аб тым, што яго завэрбавалі ў беларускім пункце пропуску «Невель» для збору інфармацыі аб арганізацыі дзейнасьці, узбраеньні і тэхніцы Луцкага атрада памежнікаў, а таксама аб асаблівасьцях аховы ўкраінскай мяжы ў сумежных зь Беларусьсю раёнах Валынскай і Ровенскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне хочуць пакараць беларуса, які нібыта вэрбаваў украінцаў для шпіянажу

Сьледзтва мае прозьвішча гэтага падпалкоўніка і цяпер спрабуе ідэнтыфікаваць асобы яшчэ некалькіх грамадзян Беларусі, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія «робяць дзеяньні, накіраваныя на збор інфармацыі, што зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай, на тэрыторыі Ўкраіны, уцягваючы грамадзян Украіны ў канфідэнцыйнае супрацоўніцтва, аказваючы на іх псыхалягічны і фізычны ціск з далейшай мэтай ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў, якія наносяць шкоду дзяржаўнай бясьпецы Ўкраіны».

Справа расьсьледуецца паводле часткі 1 артыкула 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіянажы (перадача або збор сакрэтнай інфармацыі замежным грамадзянінам караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці ці безь яе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меркаваны беларускі шпіён, затрыманы ва Ўкраіне, паходзіў з Расеі. Ён сам здаўся ў СБУ

Як адзначаецца ў судовым рашэньні аб працягу да 8 красавіка 2022 году тэрмінаў дасудовага расьсьледаваньня справы, ужо дапыталі некалькі ўкраінскіх грамадзян, на якіх «вышэйзгаданыя іншаземцы чынілі псыхалягічны і фізычны ціск, каб падбухторыць іх да дывэрсійнай дзейнасьці супраць Украіны, і якія пацьвердзілі дачыненьне групы беларускіх грамадзян да незаконнай дзейнасьці».

У рамках расьсьледаваньня ўкраінскія сьледчыя зьвярнуліся да Беларусі з запытам аб міжнароднай дапамозе, каб вызначыць асобы супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў і правесьці зь імі сьледчыя і працэсуальныя дзеяньні, якія дапамогуць усебакова расьсьледаваць гэтае крымінальнае правапарушэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ здаўся яшчэ адзін украінец, заявіўшы, што яго завэрбавалі ў Беларусі

З 2016 году стала вядома пра больш як 10 заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. У адным выпадку завэрбаваны ў Беларусі грамадзянін Украіны нават назваў імя свайго беларускага куратара.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюць «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ расказалі, як спэцслужбы Беларусі вэрбуюць украінцаў для шпіянажу на сваю карысьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ва Ўкраіне думаюць пра «пераварот» у Беларусі і пагрозу ўзброеных правакацый на мяжы