Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ здаўся яшчэ адзін украінец, заявіўшы, што яго завэрбавалі ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Беларускія памежнікі

З 2016 году стала вядома сама меней пра шэсьць заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі.

Грамадзянін Украіны, ураджэнец памежнага зь Беларусьсю Рэпкінскага раёну Чарнігаўскай вобласьці, заявіў, што ў жніўні 2014 году быў завэрбаваны беларускімі памежнікамі для збору сакрэтнай інфармацыі пра ахову ўкраінскай мяжы.

Як вынікае з матэрыялаў судовай справы, беспрацоўны ўкраінец, які мае базавую сярэднюю адукацыю, у жніўні 2014 году ў «групе зь іншымі асобамі» перасек мяжу зь Беларусьсю па-за межамі пункту пропуску. Ён накіроўваўся да бацькоў, якія жывуць у вёсцы на Гомельшчыне.

Паводле ўкраінца, вэрбаваньне адбылося ў аддзеле памежнай берагавой аховы Гомельскай вобласьці, куды яго даставілі памежнікі пасьля затрыманьня. Ён пагадзіўся на супрацу, каб пазьбегнуць штрафу за незаконнае перасячэньне мяжы, магчымай дэпартацыі і далейшай забароны на ўезд у Беларусь.

Ён заявіў СБУ, што падпісаў пісьмовую згоду на негалосную супрацу зь беларускімі памежнікамі, а пазьней атрымаў заданьне зьбіраць інфармацыю пра інжынэрныя збудаваньні, асабовы склад, графікі дзяжурстваў, узбраеньне, вайсковую тэхніку аддзелу «Задзярэеўка» Чарнігаўскага памежнага атраду.

Служба бясьпекі Ўкраіны кваліфікавала пісьмовую згоду ўкраінца як дзяржаўную здраду — гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў. Але ад пакараньня грамадзянін Украіны быў вызвалены, бо добраахвотна паведаміў пра вэрбаваньне.

З адпаведнай заявай украінец зьвярнуўся ў спэцслужбу ўжо пасьля таго, як ён сабраў сакрэтную інфармацыю, але адмовіўся яе перадаваць беларускім памежнікам. Нібыта за гэтую адмову ўлетку 2016 году яго дэпартавалі зь Беларусі і забаранілі на адзін год уезд на беларускую тэрыторыю.

Каго яшчэ вэрбавалі?

З 2016 году стала вядома сама меней пра шэсьць заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. У адным з выпадкаў завэрбаваны ў Беларусі грамадзянін Украіны нават назваў імя свайго беларускага куратара.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

У студзені 2020 году стала вядома, што ва Ўкраіне ўпершыню завялі крымінальную справу супраць супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, які нібыта займаўся вэрбаваньнем украінскіх грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG