У заканадаўства Ўкраіны вярнулі норму аб забароне набыцьця электраэнэргіі зь Беларусі

Ілюстрацыйная выява

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў закон пра рынак электрычнай энэргіі, якія дазваляюць забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

У прыватнасьці, дэпутаты вярнулі рэгулятару рынку электраэнэргіі паўнамоцтва зацьвярджаць парадак разьмеркаваньня прапускной здольнасьці міждзяржаўных перасылак электраэнэргіі з трэцімі краінамі. У гэтую групу краін уключаныя «дзяржавы, якія не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці».

Цяпер гэты закон павінен падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішусьцін прывёз да Лукашэнкі прапановы для інтэграцыі падатковых сыстэмаў Беларусі і Расеі

Падчас падрыхтоўкі гэтых зьменаў старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус адзначаў, што ня бачыць мэтазгоднасьці працягваць пастаўкі зь Беларусі і Расеі ў сувязі з завяршэньнем ацяпляльнага сэзону.

«Складаны зімовы пэрыяд мы прайшлі, за апошні месяц запасы вугалю на складах вырасьлі больш як удвая. У нас на сёньня дастаткова ўласных рэсурсаў, ацяпляльны сэзон завяршаецца, сонца становіцца больш, таму і далей у нас няма патрэбы ў гэтым. А далей, на наступную зіму, будзем асобна глядзець, які ў нас будзе дэфіцыт», — заявіў ён.

Цягам студзеня—сакавіка 2021 году Беларусь павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 разы да 503,5 мільёна кіляват-гадзін у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Разам з тым у нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» зьвярнулі ўвагу на тое, што ў лютым-сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі ўжо пачалі зьніжацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказнасьць за эскаляцыю ляжыць на Расеі». У Кіеве прайшла тэрміновая сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Балтыі і Ўкраіны

На пачатку году ў сувязі з рэзкім пахаладаньнем Украіна вымушаная была павялічыць закуп электраэнэргіі за мяжой, каб збалянсаваць сваю энэргетычную сыстэму ва ўмовах павелічэньня энэргаспажываньня. Пры гэтым ва ўкраінскай кампаніі падкрэсьлілі, што агульны аб’ём замежнай электраэнэргіі ў першыя тры месяцы году склаў толькі 2,2% ад агульнага спажываньня.

Адноўленыя з пачатку 2021 году пастаўкі энэргіі зь Беларусі і Расеі выклікалі жорсткую крытыку ўкраінскіх уладаў з боку іх апанэнтаў. Яны пераконвалі ўлады: аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі выцесьніць з энэргетычнага рынку Ўкраіны вугаль, што прывядзе да закрыцьця шахтаў, а таксама да скарачэньня вытворчасьці энэргіі на ўкраінскіх АЭС, каляпсу энэргетычнай сыстэмы, і, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязаньні ў сынхранізацыі з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7 запатрабавала ад Расеі спыніць правакацыі ля межаў Украіны