«Акадэмкніга», як раней «Белдрук» і пошта, адмовілася прадаваць «Нашу гісторыю». Як купіць папулярны часопіс

Першы нумар «Нашай гісторыі», архіўнае фота

Менская кнігарня «Акадэмкніга» спыніла продажы часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых часопісаў «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!», зьвязаных з выданьнем «Наша ніва».

Паводле «Нашай нівы», прадаваць часопісы ўжо адмовіліся ў сетцы «Белдрук»/«Белсаюзрук», а таксама ў «Белпошце» і «Белкнізе». Як піша рэдакцыя, «у кожнай структуры свая матывацыя адмовы, але адначасовасьць паказвае, адкуль растуць ногі». У рэдакцыі мяркуюць, што гэта чарговы ціск на «Нашу ніву».

Рэдакцыя сьцьвярджае, што адна толькі «Акадэмкніга» за першыя чатыры дні продажу новага нумару «Нашай гісторыі» прадала 147 асобнікаў, а «Белдрук» штомесяц зарабляў на продажы гэтага часопісу каля 3500 рублёў.

Пакуль празь «Белпошту» можна падпісацца на травень і чэрвень. Далей жа часопісы можна будзе атрымліваць праз рэдакцыю — трэба запоўніць праз інтэрнэт анкету з кантактнымі зьвесткамі. Бліжэй да ліпеня рэдакцыя плянуе запусьціць адмысловы сайт Nashakrama.by.

Купіць часопісы можна ў рэдакцыі ў Менску — на вуліцы Энгельса, 34а. Але продажы ладзяць не штодзень, абвесткі даюць на сайце «Нашай нівы» і ў сацсетках выданьня. Таксама часопісы прадаюць у прыватных кнігарнях — некаторыя названыя тут.

Да таго ж, можна купляць электронную вэрсію часопісаў на сайце кнігарні Arche.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва» выдала ілюстраваны гістарычны часопіс: «Нават расейцы і ўкраінцы такога ня маюць»