Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашу Ніву» буйна аштрафавалі за друк 20 асобнікаў газэты на прынтэры


Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. Архіўнае фота.

Эканамічны суд Менску аштрафаваў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічынь (8700 рублёў) фармальна за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць».

Як паведаміла рэдакцыя, два разы на год «Наша Ніва» друкуе 20 папяровых асобнікаў газэты, каб адправіць іх у Мінінфарм і іншыя ведамствы. Такая рассылка — патрабаваньне закону. Кожны асобнік уяўляе сабою аркуш А3, надрукаваны з двух бакоў. Рассылаюцца гэтыя лісты бясплатна.

Колішні міністар інфармацыі Ігар Луцкі накіраваў на адрас міністра па падатках і зборах ліст з просьбай праверыць «Нашу Ніву». У выніку падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну Менску вырашыла, што ПВУП «Суродзічы», якое зьяўляецца заснавальнікам «Нашай Нівы», праз друк тых асобнікаў павінна быць пакарана за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Міністэрства інфармацыі лічыць, што друк нават 20 асобнікаў газэты павінен ажыцьцяўляцца толькі пры наяўнасьці абавязковай ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасьць. Гэта стала фармальнай прычынай прыцягнуць «Суродзічаў» да адказнасьці.

Акрамя таго, падатковая прызнала: даходу, які б атрымала прадпрыемства за тыя 20 асобнікаў, яны так і ня выявілі.

Судзьдзя Эрнэст Койра пастанавіў прызнаць прадпрыемства «Суродзічы» вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і аштрафаваць на 300 базавых велічынь — 8700 рублёў.

«Страціць 8700 рублёў на пустым месцы — сур’ёзны ўдар для прадпрыемства, на якое і так ідзе ціск з усіх бакоў. За апошні месяц нашы выданьні „Наша гісторыя“, „Дуду“ і „Асцярожна: дзеці!“ выгналі зь „Белсаюздруку“, „Белпошты“, „Белкнігі“ і „Акадэмкнігі“ — кожны знайшоў падставу. Але што зробіш — „Наша Ніва“ сплаціць штраф са сваіх даходаў, аднак мы просім чытачоў ахвяраваць грошы на заробкі журналістаў. Гэтыя сродкі пойдуць на аплату працы», — піша выданьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG