У Докшыцах затрымалі журналістаў Зьмітра Лупача і Алену Шабуню

Зьміцер Лупач

Цяпер журналісты ў аддзяленьні міліцыі.

Зьміцер Лупач і Алена Шабуня — журналісты-фрылансэры, якія рыхтуюць сюжэты для тэлеканалу «Белсат». 13 красавіка іх затрымалі ў Докшыцах і адвезьлі ў мясцовы РАУС, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Іх пратрымалі ў РАУС у Докшыцах 3 гадзіны, правялі зь імі гутарку, пасьля чаго адпусьцілі без складаньня пратаколаў. А затрымалі іх міліцыянты таму, што яны вялі здымкі ў Докшыцах насупраць райвыканкаму.

Раней Лупача і Шабуню ўжо неаднаразова каралі за «працу без акрэдытацыі».

З пачаткам выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады пачалі ўціск журналістаў. Іх пазбаўлялі акрэдытацый, білі, арыштоўвалі і затрымлівалі; некаторыя былі параненыя гумовымі кулямі. Асабліва моцным ціск на мэдыя ў Беларусі стаў пасьля выбараў. З таго часу журналістаў больш за 300 разоў затрымлівалі, 65 чалавек пакаралі арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак.

Тры журналісткі асуджаныя па крымінальных артыкулах.

Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску). Суд прызнаў журналістак вінаватымі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ім прысудзілі 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020. За некалькі дзён да гэтага яна апублікавала артыкул, у якім са спасылкай на лекара Арцёма Сарокіна расказала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля зьбіцьця ад траўмаў, не было алькаголю. Гэта зьняпраўджвала агучаную раней МУС вэрсію. Суд прызначыў Барысевіч паўгода пазбаўленьня волі. Аднак пракуратура палічыла прысуд журналістцы «занадта мяккім» і накіравала пратэст.

Усяго ў зьняволеньні цяпер 12 беларускіх журналістаў:

  • Кацярына Андрэева
  • Дар'я Чульцова
  • Кацярына Барысевіч

  • Юлія Слуцкая
  • Ала Шарко
  • Сяргей Альшэўскі
  • Пётр Слуцкі
  • Ксенія Луцкіна
  • Андрэй Аляксандраў
  • Дзяніс Івашын
  • Анджэй Пачобут
  • Сяргей Гардзіевіч - хатні арышт

Новы міністар інфармацыі Беларусі Уладзімер Пярцоў, прызначаны Лукашэнкам на мінулым тыдні, сказаў, што прыйшоў час «забараняць і караць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы міністар інфармацыі сказаў, што прыйшоў час забараняць і караць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачатак будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца». Вялікая размова з Марынай Золатавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць доступ да сайтаў, пазбаўляць акрэдытацыі, прыцягваць да адказнасьці