Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы міністар інфармацыі сказаў, што прыйшоў час забараняць і караць


Міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў

Прыйшоў час расставіць кропкі над «i» ў мэдыясфэры і клясыфікаваць шэраг дзеяньняў як шкоду і пагрозу дзяржаве і грамадзтву, заявіў новы міністар інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў.

«Казаць пра тое, што Міністэрства інфармацыі ператворыцца ў нейкі рэпрэсіўны орган, які будзе займацца выключна вышукваньнем нейкіх момантаў і перасьледам выданьняў або асобных журналістаў, — гэта не зусім правільна», — сказаў Пярцоў 9 красавіка ў эфіры праграмы «Клюб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1».

«А вось прывесьці працу нашага органа дзяржкіраваньня ў адпаведнасьць з патрабаваньнем часу, з тымі выклікамі, якія цяпер у нашай сфэры зьявіліся... Вы ведаеце, такіх трансфармацый мэдыяіндустрыі мы не можам успомніць на працягу апошніх дзесяці гадоў. І, як высьветлілася, па-першае, наша заканадаўства не зусім адэкватнае такім выклікам. Мы паглядзелі, адпаведныя зьмены ў новым законе — яны будуць, будуць адпавядаць тым выклікам і пагрозам, зь якімі мы сутыкнуліся. Але, зноў жа, гэта не догма, бо галіна мяняецца, і напэўна будуць новыя зьмены. Але я не пра гэта», — адзначыў кіраўнік Мінінфарму.

«Усё ж такі прыйшоў час расставіць усе кропкі над „i“, і час, напэўна, усе гэтыя дзеяньні, што клясыфікуюцца ў цывілізаваных дзяржавах як дзеяньні, якія як мінімум наносяць шкоду і пагрозу дзяржаве і грамадзтву, сапраўды гэтак жа клясыфікаваць у нашай краіне і прымаць адпаведныя меры — абмежавальныя, забаронныя. Магчыма, нейкае пакараньне за гэта. Мне здаецца, час прыйшоў», — лічыць міністар.

«Добра і дрэнна, што гэта адбываецца ў досыць спакойны ўжо пэрыяд, калі ўсе гэтыя палітычныя эмацыйныя надрывы прайшлі. Адпаведна, больш складана будзе прычапіцца, што гэта нейкія рэпрэсіі ці нейкія супрацьдзеяньні на нейкія дзеяньні. Але, у той жа час, дзейнічаць трэба. І асьцярогі нашых контрагентаў — яны абгрунтаваныя шмат у чым. Але будзем глядзець», — падсумаваў Пярцоў.

Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка прызначыў міністрам інфармацыі Ўладзімера Пярцова, які раней працаваў дырэктарам прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі. Яго папярэднік Ігар Луцкі, які ўзначальваў Міністэрства інфармацыі менш як год, прызначаны намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG