Памёр адзін зь лідэраў гурту «Песняры» сьпявак Леанід Барткевіч

Леанід Барткевіч. Менск, 2014 год.

Вядомаму сьпеваку быў 71 год.

Памёр адзін з найвядомейшых «Песняроў» Леанід Барткевіч, пра гэта напісалі на старонцы салістаў гурту ў фэйсбуку. Паводле іншага ўдзельніка гурту Валера Скаражонка, у Барткевіча быў цукровы дыябет.

Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 траўня 1949 году ў Менску.

Адукацыю атрымаў у Менскім архітэктурным тэхнікуме па спэцыяльнасьці «праектаваньне». Падчас навучаньня ў тэхнікуме быў салістам аркестру, у далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Залатыя яблыкі».

Некаторы час працаваў архітэктарам у «Белгіпрасельбудзе». З 1970 году ўвайшоў у склад вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Песьняры».

У 1977 годзе Барткевіч разьвёўся зь першай жонкай і ажаніўся з Вольгай Корбут, вядомай савецкай гімнасткай.

Леанід Барткевіч і Вольга Корбут. Менск, 1978 год

У 1980 годзе Барткевіч пакінуў «Песьняры» і паступіў у ГІТІС на рэжысэрскае аддзяленьне.

Некаторы час быў удзельнікам ансамбля «Мальвы», а таксама працаваў салістам ва «Ўкрканцэрце». Потым быў вакалістам Дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня СССР.

Беларускі сьпявак з ЗША Данчык (Багдан Андрусышын) і Леанід Барткевіч. Архіўнае фота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык: «Цеплыня Лёні Барткевіча застанецца са мной назаўжды»

У 1991 годзе разам з жонкай і сынам эміграваў у ЗША, але ў 2000 годзе вярнуўся ў Беларусь і зноў некаторы час працаваў у «Песьнярах». Пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна Барткевіч арганізаваў у Расеі музычны калектыў з назвай «ансамбль «Песьняры», зарэгістраваўшы аднайменную гандлёвую марку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як калібры натхніла аўтара песьняў Данчыка і Барткевіча на сымфанічную музыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Песьняры» выступаюць у самаабвешчанай «ДНР». Каторыя зь іх?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паварочваюся — стаіць Муля: Ведаеш, Лявон, два Мулявіны ў „Песьнярах“ — яўна зашмат»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барткевіч: Хацелася б, каб Крым, канечне, адышоў да Расеі