Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Песьняры» выступаюць у самаабвешчанай «ДНР». Каторыя зь іх?


Гурт «Песьняры» і іх пераемнікі
Гурт «Песьняры» і іх пераемнікі

Ва ўкраінскім Данецку, што цяпер пад кантролем самаабвешчанай «ДНР», выступіў гурт пад назвай «Песьняры» саліста Анатоля Кашапарава, паведамляе тэлеканал «Россия-1». Гэты ж гурт выступаў сёлета ва ўкраінскім Луганску, што знаходзіцца пад кантролем самаабвешчанай «ЛНР».

«Галоўная культурная падзея Данбасу — канцэрт легендарнага ансамблю „Песняры“, — расказвае тэлеканал. — Не асьцерагаючыся санкцыяў, прыехаў сам Анатоль Кашапараў, саліст, які даўно пражывае ў ЗША».

Сам Кашапараў кажа, што мае ў «ДНР» шмат сяброў, якім «ніколі ня здраджваў», а таксама распавядае, што ў ЗША зьбірае грошы ў фонд дапамогі дзецям Данбасу.

Цяпер існуюць 5 ансамбляў, што называюць сябе «Песьнярамі»

Ансамбаль «Песьняры» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна існаваў ад 1969 году, за год да таго ён граў пад назвай «Лявоны». Але ў 1990-х гурт раскалоўся, а пасьля сьмерці Мулявіна ў 2003 годзе «Песьнярамі» і «Лявонамі» сталі называць сябе цэлы шэраг гуртоў.

Паводле фан-сайту pesnyary.com і сайтаў саміх гуртоў:

  • Яшчэ ў 1996 годзе Мулявін стварыў моладзевы калектыў «Лявоны». Той калектыў пазьней стаў самастойным (у 2008 годзе), зьмяніў большую частку складу (засталіся Алег Усьціновіч і Сяргей Восіпаў), базаваўся ў Маскве і актыўна канцэртаваў у Расеі, меў сайт lyavony.ru. Падобна, апошні раз «Лявоны» выступалі ў 2011-м ці 2012-м, але мэнэджэр гурту ў красавіку 2017 году заяўляла, што «гурт існуе, усе музыкі жывыя і здаровыя».
  • У 1998 годзе ад «мулявінскіх» «Песьняроў» аддзяліўся амаль поўны склад музыкаў. Мулявін набраў у «Песьняроў» новых, старыя ж заснавалі ансамбль «Беларускія песьняры» з салістам Валерыем Дайнекам, на чале якіх стаў былы дырэктар «мулявінскага» гурту Ўладзіслаў Місевіч. Гурт актыўна канцэртуе ў Расеі (ад выступу на Дзень вайскова-касьмічных сілаў у Крамлі да канцэрту на Дзень шахтара ў Абакане). Гурт мае сайт pesnyary-belorusskie.ru.
  • Пасьля сьмерці Мулявіна арыгінальныя «Песьняры» спынілі дзейнасьць, але пачаў граць Беларускі дзяржаўны ансамбаль пад такой жа назвай — БДА «Песьняры» пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава. Ансамбаль базуецца ў Беларусі, грае на дзяржаўных беларускіх мерапрыемствах, у тым ліку «Славянскім базары» ці Дні маці, таксама выступае ў Расеі. Гурт мае сайт pesnyary.by (на сайце няма афішы, але ёсьць справаздачы аб мінулых канцэртах і райдэр для наступных).
  • У 2003 годзе таксама ўтварыўся ансамбаль пад назвай «Песьняры» пад кіраўніцтвам Лявона Барткевіча. «Песьняры» Барткевіча зарэгістраваныя ў Расеі, але, падобна, базуюцца ў Беларусі. Канцэртуюць у Беларусі, Расеі і Ўкраіне, у тым ліку выступалі на Дні гораду ў Судаку, што ў Крыме, ужо пасьля пачатку расейскай акупацыі, але за гэта, падобна, не атрымалі забарону на ўезд ва Ўкраіну. Гурт мае сайт bortkevi.ru.
  • Ад папярэдняга гурту ў 2004-м адкалоліся яшчэ адны «Песьняры» — пад кіраўніцтвам Ігара Сьвечкіна. Фармальна яны нібы спачатку лічыліся яшчэ адным складам «Песьняроў» Барткевіча, але пазьней БДА «Песьняры» называла гурт «самазванцамі». Гурт зарэгістраваны ва Ўкраіне (базаваліся ў Луганску да пачатку вайны, цяпер, падобна, застаюцца ва Ўкраіне, але не ў «ЛНР» ці «ДНР») як «Viapesniri» або «Пісняри». Канцэртуюць збольшага ва Ўкраіне, мінімум аднойчы выступалі ў Расеі. Гурт мае сайт viapesniri.ru.
  • У 2005 годзе былы ўдзельнік «Песьняроў» Аляксандар Дзямешка стварыў гурт «Лявоны-песьняры», або «Лявоны (экс-Песьняры)», ды ў 2006 годзе заснавальнік памёр, а годам пазьней гурт, падобна, перастаў выступаць.
  • Былы саліст «Песьняроў» Анатоль Кашапараў зьехаў у ЗША ў 1991 годзе, дагэтуль жыве ў Флорыдзе. У 2006 годзе заяўляў, што гурту «Песьняры Кашапарава» ня будзе, пасьля выступаў сольна і супольна зь іншымі «песьнярамі», у тым ліку ў 2016 годзе выступіў у Беларусі супольна з БДА «Песьняры». Падобна, у 2017 годзе ён перадумаў і цяпер выступае ад імя «Песьняроў» у Расеі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Мае сайт kasheparov.com (афішы на сайце няма).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG