Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барткевіч: Хацелася б, каб Крым, канечне, адышоў да Расеі


Некаторыя расейскія дзеячы культуры, мастацтва, шоў-бізнэсу асудзілі расейскую агрэсію супраць Украіны. Тым часам беларускія творцы галоўным чынам адмоўчваюцца альбо захоўваюць нэўтралітэт.

Знакавыя пэрсоны расейскага року, сярод якіх Барыс Грабеншчыкоў, Андрэй Макарэвіч, Юры Шаўчук, выказалі сваю адмоўную пазыцыю адносна інтэрвэнцыі ў Крым расейскіх войскаў. Іхнюю заклапочанасьць падзяліла поп-сьпявачка Наташа Каралёва, якая нарадзілася ва Ўкраіне, ня кажучы пра ўласна ўкраінскіх зорак — Руслану, Сьвятаслава Вакарчука, Алега Скрыпку. Крытычныя ацэнкі палітыцы Крамля далі пісьменьнік Барыс Акунін, тэлевядучая Ксенія Сабчак, сатырыкі Міхаіл Жванецкі і Віктар Шэндэровіч, актор Сяргей Бязрукаў ды многія іншыя.

А вось прадстаўнікі беларускага бамонду публічна пакуль не выказваліся. Мы паспрабавалі запытаць некаторых зь іх, як яны глядзяць на вытокі і наступствы канфлікту.

Лідэр папулярнага рок-гурту «Крама» Ігар Варашкевіч салідарны з расейскімі ды ўкраінскімі рокерамі і перакананы: Крэмль дзейнічае ў гэтым канфлікце неадэкватна:

Ігар Варашкевіч
Ігар Варашкевіч
«Пра якія адэкватныя паводзіны можна гаварыць? Звычайная інтэрвэнцыя, ніякай адэкватнасьці. Прычым я думаю, што гэта плянавалася ўжо даўно. Яшчэ да падзеяў у Крыме, калі глядзеў расейскія ток-шоў, а нядаўна вось у Маскву сам езьдзіў, дзе нарваўся на шоў Салаўёва, — што я бачыў, толькі пераконвае ў гэтай думцы. Мякка кажучы, настолькі быў абураны хлусьнёй, якая льецца з расейскіх каналаў! Там жа ні слова праўды, ніводнага слова пра тое, што людзі выйшлі на Майдан за сваю свабоду, супраць узурпацыі ўлады. Толькі „бандэраўцы, фашысты, бандыты“ — вось і ўсё, што льецца на галовы расейскіх гледачоў. То бок дзясяткі тысяч, сотні тысяч людзей — гэта фашысты. Як гэта ўвогуле расцэньваць? Таму тут, па-мойму, усё відавочна».

Хуткае замірэньне бакоў прагназуе народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Крым, кіраўнік ВІА «Сябры» Анатоль Ярмоленка — маўляў, эмоцыі астынуць, і ўсе будуць з сорамам згадваць пра мінулае. А вось віну за тое, што падзеі дакаціліся ажно да вайсковага супрацьстаяньня, Ярмоленка ўскладае на Віктара Януковіча:

Анатоль Ярмоленка
Анатоль Ярмоленка
«Мне здаецца, тут, вядома, віна была Януковіча, які спачатку наламаў дроў сваімі дзеяньнямі, бо лідэр у такой сытуацыі павінен паводзіць сябе інакш. Няхай гэта ўсё зараз застанецца на ягоным сумленьні. Але час страчаны, і цяпер кожны проста паказвае свае мускулы: адна сіла з аднаго боку, другая — з другога. Зрэшты, былі і ў новай Вярхоўнай Рады пасьпешлівыя захады — напрыклад, моўны закон, які так узбударажыў Усход. Тут трэба было ўсё спакойна рабіць, безь перакосаў».

Карэспандэнт: «На вашу думку, увод расейскіх войскаў у Крым — перакос?»

«Мне здаецца, там ніякага ўводу няма, проста паднялі асабовы склад, які быў там і дагэтуль дысьлякаваны, узялі пад ахову аб’екты. Адзінае, што з аднаго боку гэта тлумачаць так, з другога — гэтак. Кожны паказвае свае магчымасьці даказаць уласную правату. Але мне здаецца, што замірэньне неўзабаве надыдзе, бо цяпер усе на эмоцыях, і тыя, і другія. Я перакананы: ніхто ня будзе ваяваць, ня пойдзе брат на брата. Бо нікому не патрэбная вайна, абсалютна нікому».

Для шматразовага алімпійскага чэмпіёна ў вольнай барацьбе Аляксандра Мядзьведзя, які шмат гадоў жыве ў Менску, Украіна зусім не чужая: нарадзіўся ў Белай Царкве, там дагэтуль жывуць ягоныя блізкія сваякі. Штогод ён наведвае родныя мясьціны і лічыць, што на радзіме здарыўся «дзяржаўны пераварот»:

Аляксандар Мядзьведзь
Аляксандар Мядзьведзь
«Разумееце, да гэтага можна з розных бакоў падыходзіць, але я лічу, што там быў і ёсьць законны прэзыдэнт, якога нельга было адлучаць ад улады такім чынам. Па сутнасьці, учынілі дзяржаўны пераварот, чаго цяпер локці кусаць? А зараз няхай самі вырашаюць, каму там куды ўлазіць. На мой погляд, яны павінны ўсё вырашыць самастойна. Паколькі Януковіч настойвае, што ён легітымны прэзыдэнт, то нельга зь ім так абыходзіцца. Значыць, яшчэ раз кажу, меў месца дзяржаўны пераварот. Ня ведаю, як яны будуць выходзіць з гэтай сытуацыі, бо мусяць вырашаць самі. Здаецца мне, што гульня адназначна палітычная, хочуць папросту раздвоіць Украіну. Ну што, раздвояць яны, разьдзярбаняць на часткі. Да лепшага гэта не прывядзе. Украіна павінна быць адзінай. Таму вельмі засмучаны тым, што там адбываецца».

Карэспандэнт: «Як тады расцэньваць спробы Расеі „разьдзярбаніць“ Крым?»

«Ды ня так ужо ўсё трагічна, бо Крым заўсёды, скажам так, выдзяляўся. У мяне таксама там шмат сяброў, якія працуюць у міністэрствах, у іншых структурах. Яны кажуць: дайце нам больш аўтаноміі, і ўсім будзе толькі лепш. Там жа і татараў шмат, я ведаю, яны таксама за большы сувэрэнітэт. Дарэчы, нашы дужаньнікі-татары паехалі туды, пазахоплівалі землі без дазволу. Так што аўтаномію дайце, няхай людзі працуюць, нічога страшнага».

Сёньня пра ўзьнікненьне чарговага складу калектыву «Песьняры» з падзагалоўкам «Залатыя галасы залатога складу ансамбля „Песьняры“» абвясьцілі Лявон Барткевіч і Анатоль Кашапараў. Сьпевакоў ды іхняга дырэктара Ігара Кузьняцова я папрасіў выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ва Ўкраіне і ў Крыме ў прыватнасьці:

Барткевіч: «Ведаеце, мы б не хацелі асабліва заглыбляцца ў палітыку. Дай божа, каб там усё гэта ўладзілася, супакоілася...»

Кашапараў: «Гэта ня столькі палітыка, колькі, як для музыкаў, вялікая паляна, дзе мы, найперш, заўсёды працавалі. І працавалі добра, бо там „Песьняры“ для іх былі ўсё адно як з Украіны, як свае. Ну, а што там цяпер? Усё роўна прыйдзе ў добры стан, будзе ўсё добра. Сам народ зробіць так, як яму будзе лепш».
Анатоль Кашапараў (зьлева) і Лявон Барткевіч
Анатоль Кашапараў (зьлева) і Лявон Барткевіч

Кузьняцоў: «Галоўнае, каб вайны там не было, каб брат не ішоў на брата, каб не пралілася кроў. Колькі часу таму мы былі ў Адэсе, у тым жа Севастопалі працавалі на плошчы, там усюды нашы сябры. Яны там жывуць, і мы хвалюемся за тое, каб толькі не лілася кроў».

Кашапараў: «Я стрэльбу забраў, так што нічога, усё будзе добра...»

Барткевіч: «У мяне шмат сяброў у Кіеве, у іншых месцах, тэлефануюць мне. Кажу, давайце пакуль прыяжджайце да мяне, пажывіце ў нас, перасядзіце. Але цяпер нібыта ідзе да замірэньня: тыдзень таму яшчэ было дрэнна, цяпер ужо перасталі страляць, толькі ў Крыме...»

Кашапараў: «Зараз як пачуюць, уся Ўкраіна да Лявона ламанецца...»

Барткевіч: «Хацелася б, каб Крым, канечне, адышоў да Расеі. Таму што гэта спрадвеку расейскія землі. І нам было б лягчэй празь мяжу ехаць, ня трэба а 4-й раніцы запаўняць розныя паперкі, пашпарты штампаваць. Вось гэта было б добра. І калі назад едзеш, мала таго, што ў цябе зноў гэтыя дакумэнты правяраюць, дык яшчэ дзьве бутэлькі гарэлкі можна ўвезьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG